Нацыянальная культура, сукупнасць традыцый, звычаяў, норм, каштоўнасцей і правіл паводзін, агульных для прадстаўнікоў адной нацыі. Уключае разам з традыцыйна-бытавой, прафесіянальнай і штодзённай таксама спецыялізаваныя галіны культуры. Ахоплівае субкультуры ўсіх вялікіх сацыяльных груп і асобных этнічных супольнасцей. У адрозненне ад этнічнай культуры, Н.к. аб'ядноўвае людзей, якія пражываюць на вялікіх прасторах і не абавязкова звязаны кроўна-роднаснымі адносінамі. Абавязковай умовай з'яўлення Н.к. лічыцца новы тып сацыяльнай камунікаціыі, звязаны з вынаходніцтвам пісьменнасці. Пра ўзнікненне Н.к. можна гаварыць тады, калі фармуецца літаратурная (пісьмовая) мова і нацыянальная літаратура. У якасці асноўнай умовы далучэння народа да сваёй Н.к. разглядаецца сістэма адукацыі. Н.к. стварае найперш мастацкая і навуковая інтэлігенцыя. Большасць сучасных Н.к. поліэтнічныя. Напр., амерыканская Н.к. крайне гетэрагенная і ўключае ірландскую, італьянскую, нямецкую, расейскую, кітайскую, японскую і інш. этнічныя культуры.