Японская культура, сукупнасць культурных здабыткаў японскага народа. Асноўныя элементы старажытнаяпонскай цывілізацыі і культуры пачалі паступова складвацца на мяжы нашай эры. Унікальнасць японскай цывілізацыі заключаецца ў тым, што яна размешчана не на мацярыку, а на шматлікіх астравах Японскага архіпелагу, прычым нярэдка яна павінна была існаваць у вельмі складаных, экстрэмальных умовах (землятрусы, паводкі, тайфуны, цунамі і інш.). Я.к. уласціва надзвычайная здольнасць да пераймання чужых традыцый, звычаяў, абрадаў, да іх творчай перапрацоўкі і давядзення да найвышэйшых кандыцый. Для яе таксама былі характэрны своеасаблівая «паяднанасць» з прыродай, адчуванне звышнатуральнага адзінства паміж светам людзей і боскім светам, а таксама пэўная «пранізанасць» абвостраным адчуваннем прыгажосці і хараства амаль кожнай, нават самай маленькай рэчы, прадмета. Вельмі моцны ўплыў на Я.к. аказала старажытнакітайская культура, што ў найбольшай ступені праявілася ў японскім выяўленчым мастацтве, у асобных народных традыцыях, культах (напр., культ продкаў), у перайманні вучэння Канфуцыя, іерогліфаў, шоўку, яшмы і інш. Сярод розных відаў мастацкай культуры ў старажытнай Японіі найбольш высокай ступені развіцця дасягнулі манументальнае дойлідства і літаратура (у найбольшай ступені паэзія). Рэлігійныя вераванні японцаў (найперш сінтаізм) у значнай ступені паўплывалі на фармаванне такой адметнай рысы светаўспрымання японцаў, як уменне цаніць хараство, прыгажосць нават у самых нязначных прыродных з'явах, аб'ектах, што не характэрна для жыхароў эўрапейскага кантынента. Іншая распаўсюджаная рэлігія - дзэн-будызм - аказала моцнае ўздзеянне на такія віды Я.к., як манахромны жывапіс, каліграфія, паэзія, драма «Но», чаною, ікэбана, а таксама на воінска-спартовыя мастацтвы і фізічна-аздараўленчыя сістэмы (каратэ, кэндо, айкідо).