Кітайская культура, сукупнасць матэрыяльных і духоўных каштоўнасцей кітайскага народа. На кітайскай зямлі сфармаваўся адзін з найбольш старажытных продкаў чалавека - сінантрап, які пражываў тут каля 400 тысяч гадоў таму назад. Першыя пасяленні старажытнейшых людзей на тэрыторыі Кітая датуюцца прыблізна 30 тыс. да н.э. Найбольш раннія помнікі культуры, што былі знойдзены на тэрыторыі Кітая, адносяцца да 5-4 тыс. да н.э. Аднак цывілізацыя ў Старажытным Кітаі склалася некалькі пазней, чым у Месапатаміі, Эгіпце і Індыі, - прыблізна на мяжы 3-2 тыс. да н.э. Да ліку найбольш важных і істотных рыс К.к. адносяцца больш рацыянальны, прагматычны характар (у адрозненне, напр., ад эгіпецкай, індыйскай культур), у значнай ступені звернуты да каштоўнасцей рэальнага зямнога жыцця; надзвычайная ўстойлівасць, стабільнасць і кансерватызм; эстэтызацыя, паэтызацыя прыроды (па глыбіні эстэтычнага і паэтычнага пранікнення ў жыццё прыроды К.к., бадай, не ведае сабе роўных у свеце); своеасаблівы «культурны этнацэнтрызм» (у яго аснове - уяўленні пра Кітай як пра «Сярэдзіннае царства», якое знаходзіцца ў цэнтры Сусвету і акружана «варварамі чатырох бакоў свету») і да т.п. У гісторыі К.к. вялікае значэнне адыгралі розныя рэлігійныя і грамадскія культы, сярод якіх агульнадзяржаўныя (культы Неба і Зямлі, продкаў імператара), агульнанародныя культы вялікіх родапачынальнікаў трох рэлігій (Канфуцыя, Лао-цзы, Буды), мясцовыя культы божастваў-заступнікаў, ахоўнікаў гарадскіх і сельскіх пасяленняў, хатнія, ці сямейныя культы (продкаў, агню, хатняга ачагу, дзвярэй і інш.). На стылістыку і змест розных відаў і жанраў кітайскага традыцыйнага мастацтва аказалі даволі значны ўплыў два асноўныя рэлігійна-філасофскія кірункі - канфуцыянства і даасізм. Ужо ў 1-м тыс. да н.э. ўзніклі такія разнавіднасці народнага кітайскага мастацтва, як каркаснае драўлянае дойлідства, жывапіс на шоўку, вытворчасць лакавых вырабаў, круглых бронзавых люстэркаў з інкрустацыяй золатам і серабром, разьба па дрэву і каменю, будаўніцтва пахавальных комплексаў і насценныя рэльефы, мастацтва вышыўкі і веера. Для кітайскага выяўленчага мастацтва былі ўласцівы прыгажосць і завершанасць контураў, а дакладнасць жэстаў і поз людзей своеасаблівым чынам адлюстроўвала гармонію свету. Са старажытных часоў у Кітаі паспяхова развівалася літаратура. У сярэдзіне 2-га тыс. да н.э. кітайцы распрацавалі іерагліфічную сістэму пісьма (больш за 2000 іерогліфаў), якая ў некалькі змененым выглядзе застаецца і ў сённяшні час. Узоры самых старажытных літаратурных твораў захаваліся ў выглядзе надпісаў на бронзавых пасудзінах 11-6 ст. да н.э. Найлепшым і найбольш папулярным зборнікам старажытнакітайскай паэзіі з'яўляецца «Шы-Цзін» («Кніга песень»).