Субкультура (ад лац. sub - пад, унізе + культура), частка ўсёй агульнай культуры; сістэма каштоўнасцей, традыцый, звычаяў, ідэалаў, якія ўласцівы пэўнай сацыяльнай супольнасці людзей. Існаванне С. звязана з тым, што практычна кожная канкрэтна-гістарычная супольнасць з'яўляецца ўнутрана неаднароднай, уключае акрамя асноўнага этнасацыяльнага ядра групы са спецыфічнымі этнаграфічнымі, саслоўнымі, канфесійнымі, прафесіянальнымі і іншымі прыкметамі. Існуе мноства С., заснаваных на сацыяльнай, этнарэлігійнай і полаўзроставай спецыфіцы (напр., моладзевая субкультура, С. нацыянальных меншасцей, прафесіянальных груп, канфесійных супольнасцей, пенсіянераў, інвалідаў, гомасексуалістаў і інш.). Носьбітаў С. вызначаюць такія адметныя рысы, як своеасаблівы «стыль», які з дапамогай касцюма, прычоскі і інш. дазваляе ствараць і падтрымліваць пэўны вобраз, імідж, а таксама манера паводзін (адмысловыя міміка, жэстыкуляцыя, паходка), жаргон (спецыфічная форма вядзення размовы) і інш. Ад дамінуючай кожная С. адрозніваецца звычайна спецыфічнымі рысамі мовы, поглядамі на жыццё, манерамі, стэрэатыпамі паводзін, аднак у цэлым яна не супрацьстаіць дамінуючай культуры. У залежнасці ад зместу і характару каштоўнасцей, асноўных мэтаў дзейнасці можна выдзяляць як пазітыўныя (напр., С. прафесійных супольнасцей), так і негатыўныя С. (напр., С. злачыннага свету). Праблемамі С. займаліся такія вядомыя культуролагі, сацыёлагі і філосафы, як О.Шпенглер, Х.Артэга-і-Гасет, А.Тофлер, А.Моль, Э.Шойх, Р.Швентэр і інш.