Параджанаў Сяргей Іосіфавіч (1924-1990), кінарэжысёр. Народны артыст Украіны і Арменіі. Нарадзіўся ў Грузіі, па паходжанню армянін. Вучыўся на вакальным аддзяленні Тбіліскай кансерваторыі, у Тбіліскім інстытуце інжынераў транспарту. Скончыў рэжысёрскі факультэт Усесаюзнага інстытута кінематаграфіі (1952). У 1949 пераехаў у Кіеў, дзе пачаў працаваць асістэнтам рэжысёра, потым рэжысёрам Кіеўскай студыі імя А.Даўжэнкі. Творы П. вызначаюцца яркасцю і экспрэсіўнасцю рэжысёрскага бачання, багаццем выяўленчай фантазіі, метафарычнасцю, сімвалічнасцю, узвышанай паэтычнасцю, жывапіснасцю, свабодным выкарыстаннем розных нацыянальна-этнічных традыцый («Цені забытых продкаў», 1965; «Колер граната», 1969; «Легенда аб Сурамскай крэпасці», 1984; «Ашык-Керыб», 1989). Яго фільмы неаднаразова атрымлівалі ўзнагароды на прэстыжных міжнародных кінафестывалях. Творчасць П. прызнана адной з вяршынь бессюжэтнага паэтычнага кінематографа, дзе акцёр (разам з касцюмам, дэкарацыямі і рэквізітам) з'яўляецца канструктыўным элементам складанага аўдыявізульнага калажа.