Паўлава Ганна Паўлаўна (Мацвееўна; 1881-1931), артыстка балета. Адна з найвялікшых балерын 20 ст. Скончыла Пецярбургскую тэатральную навучальню (1899). З 1899 г. ў Марыінскім тэатры (з 1906 - прыма-балерына). Сярод лепшых партый - Нікія («Баядэрка» Л.Мінкуса, 1902), Жызэль («Жызэль» А.Адана, 1903), Бінт-Анта («Дачка фараона» Ч.Пуньі, 1906) і інш. Праславілася ў харэаграфічным эцюдзе «Паміраючы лебедзь» на музыку К.Сен-Санса. У 1909 удзельнічала ў «Расейскіх сезонах». З 1910 гастралявала са сваёй трупай у многіх краінах свету, сцвярджаючы традыцыі расейскай танцавальнай школы. Мастацтва П. вызначалася музычнасцю, эмацыянальнай дзейснасцю танца, псіхалагічнай змястоўнасцю, шырынёй жанравага дыяпазону. Яе артыстычная дзейнасць адрадзіла інтарэс да балетнага мастацтва ва ўсім свеце.