Рагуля Аляксей (н. 1935), беларускі літаратуразнавец, культуролаг. Кандыдат філалагічных навук (1975), прафесар (1994). Скончыў БДУ (1957). Настаўнічаў, з 1970 у Беларускім педагагічным універсітэце. Працаваў на кафедры беларускай літаратуры, з 1992 - загадчык кафедры гісторыі і тэорыі культуры. Даследуе гісторыю развіцця нацыянальнай культуры і літаратуры, праблемы метадалогіі і філасофіі культуры, творчасць беларускіх пісьменнікаў (В.Быкава, І.Мележа, К.Чорнага, Г.Далідовіча і інш.). Лічыць, што стварэнню гарманічных адносін паміж чалавечым і прыродным універсумамі спрыяюць такія асаблівасці беларускай культуры, як паэтызацыя адзінства чалавека з прыродным космасам, культ зямлі і плоднасці, усведамленне непаўторнай каштоўнасці чалавечага існавання, захаванне і эфектыўнае выкарыстанне духоўных скарбаў нацыі, спецыфікі яе менталітэту, сацыяльных форм быцця, мастацкай культуры, традыцыйнай маралі і этыкі. Аўтар манаграфіі «Імгненні...» (1990), зборніка літаратурна-крытычных артыкулаў «Пафас станаўлення» (1991), падручнікаў і навучальных дапаможнікаў па літаратуры, культуралогіі, методыцы выкладання.

Паведаміць пра недакладнасьць