Сацыялізацыя (ад лац. socialis - грамадскі), працэс засваення чалавекам пэўнай сістэмы ведаў, норм і каштоўнасцей, якія дазваляюць яму функцыянаваць у якасці паўнапраўнага сябра грамадства, уваходжання чалавека ў грамадскае жыццё. Уключае як сацыяльна кантраляваныя працэсы мэтанакіраванага ўздзеяння на асобу (выхаванне), так і стыхійныя, спантанныя працэсы, якія ўплываюць на яе фармаванне. Тэрмін «С.» не мае адназначнага тлумачэння, і ў адных выпадках збліжаецца па сэнсу з выхаваннем, а ў другіх - з фармаваннем асобы.