Скорабагатаў Віктар (н. 1951), беларускі оперны спявак (лірычны барытон), педагог, музычны дзеяч. Засужаны артыст Беларусі (1982). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1990). Скончыў Беларускую кансерваторыю (1977). З 1977 саліст Нацыянальнага тэатра оперы Беларусі, адначасова з 1985 выкладае ў Беларускай акадэміі музыкі. У 1980-1981 стажыраваўся ў тэатры «Ла Скала» (Мілан). З 1992 мастацкі кіраўнік створанай ім «Беларускай капэлы». Валодае лёгкім рухомым голасам яркага тэмбру. Адзін з лепшых камерных выканаўцаў, рэпертуар якога складаюць больш за 600 твораў айчыннай і сусветнай класікі розных гістарычных і эстэтычных кірункаў. У 1988-1994 ажыццявіў першы ў беларускім выканальніцкім мастацтве праект з 10 канцэртных праграм «Анталогія беларускай вакальнай музыкі 16-20 ст.». Даследуе старадаўнюю беларускую музыку, творчасць малавядомых беларускіх кампазітараў (кнігі «Зайгралі спадчынныя куранты», 1998; «Абышоўся без славы: Кампазітар Ян Тарасевіч», 2001). Галоўны рэдактар серый нотных выданняў «Музыка старажытных сядзібаў» і «Беларускі гістарычны нотазбор» (абедзве з 1995).

Паведаміць пра недакладнасьць