Шагал Марк (1887-1985), жывапісец і графік; адзін з буйнейшых прадстаўнікоў мадэрнізму. Нарадзіўся ў мястэчку Ліёзна каля Віцебска. Вучыўся ў Пецярбургу ў тэатральнага мастака, графіка, жывапісца Л.Бакста (1907-1909). У пачатку 20 ст. жыў у Парыжы, дзе зведаў уплыў кубізму. У 1914-1922 зноў у Беларусі, з 1917 кіраваў Школай мастацтва ў Віцебску. Працаваў там упаўнаважаным па справах мастацтва. У 1922 эмігрыраваў спачатку ў Берлін, потым у Парыж, у 1942-1947 - у Мексіцы і ЗША. У 1973 атрымаў вышэйшую ўзнагароду Францыі - Вялікі Ордэн Ганаровага Легіёна. Крыніца сюжэтаў большасці твораў Ш. - абстаноўка яго дзяцінства, жыдоўскі местачковы побыт, сцэны якога ён трактуе ў сімвалічным і містычным духу. Творам Ш. уласцівы алагічнае размяшчэнне прадметаў і рэальнай прасторы, эскізнасць і нявызначанасць малюнка, фантастычнасць і яркасць колеравай гамы («Я і вёска», 1911; «Над Віцебскам», 1914; ілюстрацыі да Бібліі, літаграфія, 1931-1936). Аўтар мемуараў «Маё жыццё» (рус. пераклад 1994). Распісаў плафоны будынку «Гранд-Апера» ў Парыжы, зрабіў эскізы вітражоў для сабора ў Мецы, Рэймсе. З'яўляецца аўтарам дэкаратыўных твораў - напр., пано для Камернага жыдоўскага тэатра ў Маскве (1920). Аформіў балет «Жар-птушка» І.Стравінскага ў пастаноўцы Дж.Баланчына (1944-1945).

Паведаміць пра недакладнасьць