Мадэрнізм (ад англ. moderne - сучасны, найноўшы), агульная назва комплексу з'яў і феноменаў мастацкай культуры 20 ст.; сукупнасць нерэалістычных, авангардысцкіх кірункаў. Паняцце «М.» выкарыстоўваецца для абазначэння эксперыментальных пошукаў у мастацтве, падкрэслена незвычайных мастацкіх сродкаў і форм творчага самавыяўлення. Вызначаецца адмаўленнем класічнай традыцыі, надзвычайным суб'ектывізмам, разбурэннем вобразнасці і логікі формы, а таксама тэндэнцыямі абсурдызму, мінімальнай сувяззю мастацкіх вобразаў, сюжэтаў з рэчаіснасцю. Для М. характэрны актыўны пошук новых форм выяўлення пры дапамозе сінтэзу розных відаў мастацтваў, а таксама імкненне да аб'яднання розных відаў мастацтва (ад жывапісу і тэатра да мадэляў адзення. Найбольш ярка яго сутнасць выяўляе авангардызм, таму да ліку асноўных кірункаў М. адносяцца такія авангардныя плыні, як фавізм, экспрэсіянізм, кубізм, футурызм, сюррэалізм, дадаізм, поп-арт. М. адкрыў і асвоіў новыя мастацкія сродкі і формы (калаж, асацыятыўны мантаж, паток свядомасці і інш.), што прыкметна паўплывала на развіццё эстэтыкі.