Этычнае і эстэтычнае, уласцівае грамадскай і індывідуальнай свядомасці ўспрыманне супярэчлівага адзінства маральных і эстэтычных каштоўнасцей, грамадскіх з'яў, матываў чалавечай дзейнасці. Яны могуць быць ацэнены як прыгожыя ці агідныя ў той жа час як дабро і зло. Адзінства Э. і Э. можа выяўляцца і славесна (напр., старажытнагрэчаскае паняцце «калакагація» азначае адначасова і «добрае», і «прыгожае»). У адзінстве Э. і э. адлюстравана важнейшая каштоўнасная ўстаноўка: прыгожым з'яўляецца тое, што маральна, што ўзвышае і робіць больш высакародным чалавека, а маральнае павінна існаваць ва ўнутранай сувязі з прыгожым. Супярэчнасць паміж Э. і э. з'яўляецца вынікам парушэння гармоніі паміж прыродным і духоўным, рэальным і ідэальным, унутраным і знешнім у самой чалавечай жыццядзейнасці. Канфлікт паміж Э. і э. узнікае ў тых выпадках, калі чалавеку прыносіць задавальненне тое, што ў маральным сэнсе непаўнацэнна ці амаральна (жыццё і паводзіны маркіза дэ Сада).