Бароўка Ліна (Ангеліна; мянушка Таполя; нар. ў 1931?), сябра Пастаўскай групы Саюзу Беларускіх Патрыётаў, скарбнік Пастаўскай групы, палітычны вязень.

Пад час навучаньня ў Пастаўскай пэдагагічнай навучальні Л.Б. увосень 1945 уступіла ў падпольную арганізацыю «За Беларусь». 25.03.1946 брала ўдзел ува ўрачыстай прысязе сяброў СБП. У лютым 1947 арыштаваная органамі МГБ. На кватэры, дзе жыла Л.Б., быў зроблены ператрус і ў якасьці рэчавага доказу сканфіскаваны падручнік беларускай мовы Браніслава Тарашкевіча. На судовым працэсе ў Менску 20.06.1947 атрымала 10 год пазбаўленьня волі: «...варожа настроеная да савецкай улады, увосень 1945 уступіла ў падпольную арганізацыю СБП. Прыняла прысягу на вернасьць беларускаму народу. Размнажала тэксты прысягі для тых, хто ўступаў у арганізацыю. Прадастаўляла кватэру для правядзеньня нелегальных зборышчаў і сама актыўна ўдзельнічала ў іх. Для кансьпірацыі практычнай дзейнасьці мела мянушку Таполя. Захоўвала антысавецкую літаратуру. Разам з Асіненкам Мікалаем зрабіла сьцяг для арганізацыі. Зьбірала сяброўскія ўнёскі зь сяброў арганізацыі» (1, 114 - вытрымкі з тэксту прысуду).

Свой тэрмін Н.Б. адбывала ў дзіцячай калёніі Менску, потым у лягеры ў Мардовіі. Непасільная праца і лягерныя ўмовы падарвалі здароўе. На волю Л.Б. выйшла датэрмінова, з прычыны асуджэньня ў непаўналетнім узросьце. Адчуваючы ціск з боку ўладаў у Беларусі, пераехала са сваёй маці ў Рыгу на пастаяннае месца жыхарства.

Бібл.: 1. Гарт. З успамінаў пра Саюз Беларускіх Патрыётаў. Мн., 1997. С. 71, 111-115, 126, 139, 165, 194, 252, 340.

Алег Гардзіенка

Паведаміць пра недакладнасьць