Пасьля заканчэньня беларускай гімназіі ў Радашкавічах у 1927 працаваў, каб зарабіць грошы на далейшую адукацыю. У 1929-1931 вывучаў політэхнічныя навукі ў Бэльгіі, дзе прымаў актыўны ўдзел у студэнцкім руху. Быў сузаснавальнікам Беларускага Студэнцкага Гуртка ў Бэльгіі, сябрам Аб'яднаньня Беларускіх Студэнцкіх Арганізацыяў (АБСА) з цэнтрам у Празе, ад імя якога быў абраны дэлегатам на міжнародную канфэрэнцыю Міжнароднай Студэнцкай Канфэдэрацыі (Confederation L'Internationale d'Etudiants - CIE). У 1931-1934 на вайсковай службе ў Польшчы. У 1934-1939 працягвае далейшую вышэйшую асьвету ў Бэльгіі, дзе адначасова працуе на бэльгійскіх вугальных шахтах для здабыцьця грошай на навучаньне, якое заканчвае ў Югаславіі. Быў страшынём Беларускага студэнцкага гуртка ў Бялградзе.
У верасьні 1939 вярнуўся ў Нясьвіж, дзе быў на адміністрацыйнай працы. На прапанову мясцовых жыхароў быў зацьверджаны бурмістрам Нясьвіжу, працаваў начальнікам сацыяльнага забесьпячэньня Нясьвіскага р-ну, потым гаспадарчым інспэктарам у Нясьвіжы. У гэтых часох быў накіраваны на Народны Сход Заходняй Беларусі ў Беластоку, дзе абраны дэлегатам Народнага Сходу на 5-ую нечарговую сэсію Вярхоўнага Савету СССР і на 3-ю сэсію Вярхоўнага Савету БССР у Менску. Атрымаўшы папярэджаньне аб магчымым арышце, пераехаў у Менск. У 1940-1941 вучыўся ў менскай палітэхніцы.
Улетку 1941 арганізаваў беларускую паліцыю ў Менску. У часе нямецкай акупацыі Менску быў кіраўніком і арганізатарам транспартнага, харчовага, прамысловага, гандлёвага аддзелаў Менскай гарадзкой управы. Сябрам Цэнтральнага Камітэту Беларускай Незалежніцкай Партыі (БНП). З.Касмовіч браў актыўны ўдзел у аднаўленьні беларускага царкоўнага жыцьця, адбудовы цэркваў і беларусізацыі багаслужбаў, быў дэлегатам і ўдзельнікам Аўтакефальнага Сабору Беларускай Праваслаўнай Царквы (Менск, жнівень-верасень 1942).
У 1943-1944 пасьля заканчэньня паўторных афіцэрскіх курсаў быў інспэктарам Беларускай Краёвай Абароны; маёр БКА. Удзельнік Другога Ўсебеларускага кангрэсу (Менск, 27.06.1944), сябра Беларускай Цэнтральнай Рады, кіраўнік Замежнага Сэктару Беларускай Незалежніцкай Партыі (мянушка «Каршун»). Перабіраецца ў Нямеччыну, як упаўнаважаны прадстаўнік БНП на Захадзе, з заданьнем навязаць лучнасьць з заходнімі дзяржавамі для далейшай барацьбы за незалежную Беларусь. Працаваў у Міжнароднай дапамаговай арганізацыі UNRRA (United Nations Relief and Rehabilitation Administration, потым называлася IRO - Intertational Refugee Organization) з пачатку заснаваньня ў 1945 да ліквідацыі 03.01.1952. Гэтая арганізацыя дапамагала ўцекачом арганізаваць жыцьцё ў ДП (DP - Displaced Persons) лягерох, а таксама спрыяла ў справах эміграцыі ў іншыя краіны. Адначасова З.Касмовіч разгарнуў на міжнародным узроўні беларускую нацыянальна-палітычную працу і дабрачынную дзейнасьць сярод беларускай грамады, якая апынулася ў Нямеччыне.
У кастрычніку 1954 выканаўчы орган БЦР прызначыў яго старшынём дэлегатуры БЦР у Нямеччыне, потым старшынём эўрапейскай дэлегатуры БЦР і кіраўніком аддзелу вайсковых справаў і вызвольнай барацьбы БЦР, прадстаўніком БЦР у Цэнтральным Камітэце Антыбальшавіцкага Блёку Нацыяў (ЦК АБН).
З.Касмовіч - арганізатар і прэзыдэнт Галоўнага Штабу Беларускага Вызвольнага Фронту (створаны 27.10.1954, палітычная пляцформа БВФ - Акт 25-га Сакавіка 1918 і пастановы 1-га і 2-га Ўсебеларускіх кангрэсаў). Галоўнай мэтай З.Касмовіча і новаўтворанай арганізацыі было аб'яднаньне дзейнага беларускага актыву, пашырэньне беларускай вызвольнай ідэі ў вольным сьвеце, зацікаўленьне ўплывовых палітычных дзеячоў замежжа становішчам у Беларусі. З.Касмовіч меў шырокія кантакты з грамадзкімі і дзяржаўнымі дзеячамі, парлямэнтарамі, урадоўцамі розных краінаў, з супрацоўнікамі ААН.
З 1954 актыўна ўдзельнічае ў арганізацыі Сусьветнай Антыкамуністычнай Лігі (WACL, World Anti-kommunist League), у якой прадстаўляе Беларусь, а ў 1970 годзе Беларускі Вызвольны Фронт уваходзіць у Лігу як раўнапраўны ўдзельнік і З.Касмовіч абіраецца прэзыдэнтам беларускага сэктару WACL. У 1967 бярэ актыўны ўдзел у арганізацыі Эўрапейскае Рады Свабоды (EFC - European Freedom Council), быў старшынём беларускага сэктару і сябрам выканаўчага камітэту гэтай арганізацыі. З.Касмовіч быў добра вядомы ў многіх сусьветных антыкамуністычных нацыянальных і інтэрнацыянальных арганізацыях, браў удзел і выступаў у шматлікіх канфэрэнцыях, сярод якіх «Барацьба за свабоду ў 20 стагодзьдзі», Франкфурт, 1960; «Камуністычная пагроза сьвету», Рым, 1961; «Правы чалавека і самавызначэньне нацыяў», Люцэрна, 1974. Выступаў у пытаньнях абароны правоў беларускага і ўсіх паняволеных народаў на 15 сэсіі Эўрапарлямэнту ў Страсбургу, канфэсах Панэўропа-Уніон, канфэрэнцыях WACL.
Матэрыялы, прысьвечаныя дзейнасьці З.Касмовіча і Беларускага Вызвольнага Фронту, рэгулярна друкаваліся ў эміграцыйных часопісах «Беларуская думка» (Саўт Рывэр, ЗША), і «Барацьба» (Штутгарт, Нямеччына). Апошнія гады жыцьця З.Касмовіч працаваў над кнігай «За вольную і сувэрэнную Беларусь».
Літ.: 1. Дудаліч С. Беларускі генэрал-антыкамуніст // Пагоня. 1996, № 14, 15, красавік.
Марыя Міцкевіч