Антыбальшавіцкі Блёк Народаў быў утвораны 16.04.1946 у Пазінгу каля Мюнхену на нелегальнай канфэрэнцыі дэлегатаў нацыянальна-вызвольных арганізацый народаў Усходняй Эўропы й Азіі. Штаб-кватэра АБН абаснавалася ў Мюнхене. АБН разгортвае актыўную прапагандысцкую працу на Захадзе: высылае звароты на міжнародныя канфэрэнцыі й канфэсы, да ўрадаў заходніх краін, у якіх перасьцерагае іх перад «маскоўска-бальшавіцкай небясьпекай». Арганізацыя, пры падтрымцы ОУН, здолела навязаць сувязь з антысавецкімі рухамі на падсавецкай тэрыторыі. АБН выдаваў шматлікія часапісы й газэты на розных мовах: «За свабоду народаў», «АБН», «Авангард», «Набат» ды інш.
У праграмных дакумэнтах АБН адзначалася: «Разгром бальшавізму і канчальны падзел Расеі-імпэрыі - гэта першая мэта АБН, асноўная догма нашага змаганьня», «Мядзьведзя трэба задушыць у яго берлагу. Бальшавізм зьнікне аканчальна тады, калі будзе пераможаны ў сваім цэнтры - эвэнтуальная перамога на пэрыфэрыях заўсёды будзе часовай, бо атрутны газ будзе ізноў пранікаць усюды, дзе яшчэ яго няма, паводле закону распаўсюджваньня». У той жа час АБН стаяў на прынцыпе поўнай незалежнасьці кожнага народу ў яго этнаграфічных межах. АБН супрацоўнічаў зь іншымі антыкамуністычнымі міжнароднымі арганізацыямі, актыўна рэагаваў на падзеі ў СССР. Фактычна, арганізацыя даіснавала, але пры ўжо мінімальнай актыўнасьці, да распаду савецкай імпэрыі.
Ад самага пачатку ў працы АБН бралі актыўны ўдзел беларускія арганізацыі: Беларуская Незалежніцкая Партыя, Беларускі Нацыянальны Цэнтар, Беларуская Цэнтральная Рада, Беларускі Вызвольны Фронт. Вядомыя беларускія дзеячы, як Станіслаў Станкевіч, Уладзімір Тамашчык і Зьміцер Касмовіч, уваходзілі ў кіраўніцтва АБН. У ЗША існавала невялікая група «Беларускія сябры АБН». У яе кіраўніцтва ўваходзілі Анатоль Плескачэўскі, Уладзімір Пеляса й Міхась Сенька.
Бібл.: 1. Карбовіч З. За разьдзел расейскай імпэрыі злучанымі сіламі народаў // Рух (Зах. Нямеччына). 1946, № 2-3. С. 13-16; 2. У камітэце АБН // Рух. 1947, № 4, студзень. С. 37; 3. Каранеўскі Я. На шляху нацыянальна-вызвольнага змаганьня // Рух. 1947, № 4, студзень. С. 13; 4. Адрианов В., Москаленко А. Горечь полыни. М., 1987. С. 24, 137, 257, 258; 5. Шостий Великий Збір ОУН. Матеріали й постанови. 1984. С. 80-84, 179, 181; 6. Антибольшевицький Бльок Народів. Збірка документів і статтей 1956-1966 рр. Т. 2. 1979. С. 103-104, 208-209; 7. Кіпель В. Беларусы ў ЗША. Мн., 1993. С. 194, 195.
Сяргей Ёрш