Нелегальна выдаваліся й распаўсюджваліся пэрыёдыкі БНЦ і ягоныя ўлёткі. З красавіка 1946 выдаваўся часапіс «Рух», орган БНЦ або «цэнтралі пасярэдніцтва Беларускага Вызвольнага Руху» (у апошніх нумарох - «беларускай нацыянальна-вызвольнай думкі»), як было пазначана пад лягатыпам. На працягу 1946-1948 выйшла 5 нумароў (рэдактар - Станіслаў Станкевіч, які выступаў у часапісе, як «Язэп Каранеўскі»). У чэрвені 1948 выйшаў першы нумар «Бюлетэню Замежнага Сэктару БНЦ», які быў прызначаны для нутранога карыстаньня сяброў арганізацыі. У 1949 група сяброў БНЦ выдавала часапіс «За волю». Частка адозваў і зваротаў арганізацыі друкавалася ў часапісе «Рух», іншыя выходзілі асобнымі выданьнямі, як, напрыклад, зварот БНЦ да беларускай эміграцыі ад 20.07.1947. Ён быў выкананы друкам на чатырох балонках. Зварот меў антырасейскі характар: «ад самага пачатку арганізаванага жыцьця беларускай эміграцыі ўся варожая разбуральная дзейнасьць у ейным асяродзьдзі йшла цераз расейскую дывэрсію», «і ў маскоўскіх нацыяналістых і ў бальшавікоў у дачыненьні да нас адна мэта - сьцерці нас з карты гісторыі».
Да 1949 у амэрыканскай зоне Нямеччыны адбыліся найменш чатыры зьезды БНЦ, якія праводзіліся кансьпірацыйна. Ці ня самы прадстаўнічы (чацьверты па ліку) зьезд сабраўся ў сакавіку 1949 у Остэргофэне. На ім была зроблена спроба зрабіць БНЦ прадстаўніцтвам партыяў. У гэты час ужо легальна разгортвалі канкурэнтную дзейнасьць Рада БНР і БЦР. Таму сам назоў «Беларускі Нацыянальны Цэнтар» згубіў свой першапачатковы сэнс. Паводле некаторых зьвестак, БНЦ прыпыніў сваю дзейнасьць 28.12.1947, пасьля таго як аднавілася Рада БНР, куды, дарэчы, увайшлі многія кіраўнікі Цэнтру. Аднак ёсьць фактам, што ён працягваў дзеяць і пасьля 1947 (прынамсі, да 1949), але ўжо пад старшынствам Станіслава Станкевіча. Праўдападобна, што яшчэ малавядомай Радзе БНР быў неабходны БНЦ, каб зь яго дапамогай канкураваць з адноўленай БЦР за ўплыў на беларускую эміграцыю.
Беларускі Нацыянальны Цэнтар яшчэ ў 1946 увайшоў у Антыбальшавіцкі Блёк Народаў, які спрабаваў каардынаваць антысавецкае змаганьне ў Сярэдняй і Ўсходняй Эўропе (першым генэральным сакратаром АБН быў Станіслаў Станкевіч, адзін з кіраўнікоў БНЦ). У 1947-1948 у адозвах і выданьнях БНЦ зьявіўся «Замежны (або «Эміграцыйны») Сэктар БНЦ». З аднаго боку, гэта яшчэ не гаворыць пра існаваньне БНЦ і ў Беларусі, але зусім магчыма, што былі спробы залажыць арганізацыйныя структуры й на Бацькаўшчыне.
Беларускі Нацыянальны Цэнтар быў адноўлены часткай ягоных былых сябраў у 1952 у ЗША. У БНЦ увайшлі былыя сябры Рады БНР, т.зв. апазыцыя прэзыдэнту Рады БНР М.Абрамчыку: Лявон Савёнак (старшыня), Міхась Рагуля, Мікола Панькоў, Вітаўт Тумаш ды інш. У сьнежні 1952 БНЦ разам з шэрагам украінскіх, грузінскіх, азэрбайджанскіх і іншых арганізацый выдаў сумесную дэклярацыю супраць палітыкі Амэрыканскага камітэту вызваленьня народаў Расеі й створанага ім Каардынацыйнага цэнтру антыбальшавіцкай барацьбы.
Нават у такой нешматлікай групе, як БНЦ у ЗША, ішла барацьба. Напрыклад, у 1953 з БНЦ быў выключаны Гіпаліт Паланевіч. Адноўлены БНЦ ніякага ўплыву на беларускую эміграцыю ня меў і, праўдападобна, яшчэ ў 1950-х спыніў сваё існаваньне.
Бібл.: 1. Максімюк Я. Беларуская гімназія імя Янкі Купалы ў Заходняй Нямеччыне 1945-1950. Ню Ёрк - Беласток, 1994. С. 83-85, 98; 2. Галяк Л. Успаміны. Кн. 2. ЗША, 1983. С. 57, 58, 61, 67; 3. Дэклярацыя Беларускага Нацыянальнага Цэнтру // Рух (Зах. Нямеччына). 1947, студзень, № 4. С. 1-5; 4. Каранеўскі Я. На шляху нацыянальна-вьввольнага змаганьня // Рух. 1947, студзень, № 4. С. 7, 13; 5. Панькоў М. Паказьнік беларускіх выданьняў на чужыне за 1945-1950 гг. Ню Ёрк, 1952. С. 39, 43; 6. Зварот да беларускай эміграцыі // Рух (Зах. Нямеччына). 1948, чэрвень, № 5. С. 1-4; 7. Новы манэўр // Беларускі Голас (Таронта). 25.03.1953, № 1; 8. Зварот БНЦ да беларускай эміграцыі ад 20.07.1947 (улётка, выдадзеная друкам на 4 балонках). Зах. Нямеччына (архіў аўтара).
Сяргей Ёрш