Савік Станіслаў (24.08.1927, в. Дворышча Дзісьненскага павету (цяпер Глыбоцкі р-н Віцебскай вобл.)). На час утварэньня і дзейнасьці моладзевай паваеннай падпольнай арганізацыі Саюз Беларускіх Патрыётаў (СБП) вучыўся ў Глыбоцкай пэднавучальні, жыў на адной кватэры зь лідэрамі Глыбоцкага СБП Васілём Мядзельцам і Антонам Фурсам. Сам сябрам СБП не зьяўляўся. Вязень ГУЛАГу. Арыштаваны органамі МГБ і засуджаны на 10-гадовае турэмнае зьняволеньне з пазбаўленьнем правоў яшчэ на 5 гадоў. Тэрмін адбываў у лягерох Магаданскай вобл. Сяньня на пэнсіі, жыве ў в. Гарадзец Шаркоўшчынскага р-ну Віцебскай вобл.

Пад час нямецкай акупацыі вучыўся ў Глыбоцкай прагімназіі, дзе быў сябрам Саюзу Беларускай Моладзі (СБМ). Па прыходзе Чырвонай Арміі і ўсталяваньні савецкае ўлады працягваў вучобу і ў 1945 годзе паступіў у нядаўна перад гэтым адкрытую Глыбоцкую пэдагагічную навучальню.

Гады навучаньня ў гэтай установе прыпалі якраз на той час, калі патрыятычна сьвядомая частка навучэнцаў тутака стварыла невялічкі гурток, які пазьней перайначыўся ў моладзевую арганізацыю Саюз Беларускіх Патрыётаў (СБП). С. тады быў далёкі ад нейкай ідэі супраціву камуністычнаму рэжыму. Ён не ўваходзіў у склад СБП і да моманту свайго арышту нічога пра гэтую арганізацыю ня ведаў. Зь сябрамі СБП быў знаёмы толькі таму, што даводзілася разам вучыцца.

«Я нават і не здагадваўся, што ёсьць такая арганізацыя - Саюз Беларускіх Патрыётаў. Але мне пэўны час выпала жыць бок у бок зь яе галоўнымі важакамі: Васілём Мядзельцам і Антонам Фурсам. Хоць і жылі побач, але ў блізкіх адносінах ні зь першым, ні з другім я ня быў. Уся мая ўвага была аддадзеная вучобе. Грамадзкімі справамі, тым больш палітыкай, ня дужа цікавіўся», - кажа С. [2, 329]. Пасьля арышту правадыроў СБП С. МГБ не чапала. Арыштаваны ён быў 28 красавіка 1948 году, калі па заканчэньні пэднавучальні працаваў па накіраваньні настаўнікам у Відзы-Лаўчыноўскай пачатковай школе (тымчасовы Відзаўскі р-н).

«Спачатку разабраліся з тымі, хто хоць незнарок, мімаходзь мільгануў на фоне СБП. Каб месьці, дык падчыстую, каб і заводу, макавага зернейка не засталося», - узгадвае С. [2, 333].

Гэтае «мільгаценьне на фоне СБП» абышлося С. прысудам у 10 гадоў ГУЛАГу. Пасьля знаходжаньня ў Куйбышаўскай перасылачнай турме быў перавезены ў Новасібірск, дзе працаваў на будоўлі авіяцыйнага заводу.

Але там доўга не затрымаўся. Наступным этапам павезьлі далей на ўсход, да берагоў Ціхага акіяну ў порт Ваніна, дзе ў хуткім часе лёс С. зьвёў зь земляком з Пастаўшчыны і колішнім сябрам СБП Янкам Рымдзёнкам.

Напрыканцы 40-х разам зь вялікай партыяй іншых зэкаў быў дастаўлены ў Магадан. «На Калыме мне выпала трапіць на славуты Верхна-Сялічанскі горнарудны камбінат. За 12 гадзін працоўнага дня так выматаесься, што ў бакі водзіць, як п'янога. Праца катаржная. Ды ў шкодных умовах, небясьпечная. Руду ўзрывалі толам. Здараліся атручваньні. У многіх прафэсійныя хвароба - сылікоз», - прыгадвае С. [2, 336].

Пасьля сьмерці Сталіна ў 1954 С. датэрмінова выйшаў на волю, бяз права вяртаньня на Радзіму. Неўзабаве ён быў накіраваны на пасяленьне ў пасёлак Ларуковая Ягадніцкага р-ну за 406 кілямэтраў ад Магадану, дзе працаваў на розных прафэсіях у мясцовай аэрагеадэзічнай управе Дальбуду. У 1954 ажаніўся. А калі праз два гады была зьнятая забарона пераезду на Бацькаўшчыну, то паехаў у Беларусь.

«У родных мясьцінах я, на вялікі жаль, убачыў непрыкрытую непрыязнасьць з боку чыноў. Мала што зьмянілася ў нас, хоць ужо і адбыўся XX зьезд КПСС. Я вярнуўся назад у пасёлак Ларуковая», - узгадвае С. [2, 337].

У 1965 ён завочна скончыў Горкаўскі аўтамабільны тэхнікум, што дазволіла займаць трохі лепшыя пасады. У 1979 вярнуўся ў Беларусь, дзе жыве і сяньня. З 1986 году - на пэнсіі. Рэабілітаваны. С. - суаўтар успамінаў у кнізе «Гарт. Успаміны пра Саюз Беларускіх Патрыётаў».

Кр.: 1. ANH, F-3.

Бібл.: 2. Гарт. Успаміны пра Саюз Беларускіх Патрыётаў. Мн., 1997. С. 21, 70, 308-310, 329-340.

Юры Грыбоўскі

Паведаміць пра недакладнасьць