Украінская Народна-Рэвалюцыйная Армія (УНРА), партызанская арганізацыя, утвораная ў выніку перайменаваньня Ўкраінскай Паўстанчай Арміі ат. Тараса Бульбы (Бараўца) у ліпені 1943.

Палеская Сеч Украінскай Паўстанчай Арміі была ўтворана атаманам Тарасам Бульбам (Бараўцом, адсюль і распаўсюджаны назоў удзельнікаў Палескай Сечы - «бульбаўцы») у 1940 на Палесьсі, на аснове падпольных структур арганізацыі «Украінскае Нацыянальнае Адраджэньне». З пачаткам нямецка-савецкай вайны ПС УПА выходзіць з падпольля й праводзіць збройныя акцыі супраць Чырвонай Арміі й войскаў НКВД. Цэнтар ПС УПА знаходзіўся ў г. Сарны. Атаман Бульба абвясьціў сябе галоўнакамандуючым УПА, а абавязкі камандзіра ПС УПА выконваў палкоўнік Дзячэнка, а пасьля ягонага выезду ў Польшчу - падпалкоўнік Смародзкі. У 1941 была абвешчана палітычная праграма арміі, у якой заяўлялася пра «непрыналежнасьць УПА да палітычных партый, бо яна дзейнічае й падлягае толькі законам улады Ўкраінскай Дзяржавы».

У жніўні 1941 ПС УПА сумесна зь Беларускай Самаабаронай (БСА) правяла антыбальшавіцкую вайсковую апэрацыю на Палесьсі, выцясьняючы з акругаў савецкія партызанскія аддзелы і акружэнцаў Чырвонай Арміі.

Атаман Тарас Бульба ўтварыў т.зв. «Олеўскую рэспубліку» з цэнтрам у м. Олеўск. Фармаваліся органы ўлады, арганізоўвалася рэлігійнае й культурнае жыцьцё, выходзілі газэты, адкрываліся школы. ПС УПА знаходзілася пад палітычным кіраўніцтвам Ураду Ўкраінскай Народнай Рэспублікі на выгнаньні. Восеньню 1941, пасьля таго як абвастрыліся дачыненьні зь нямецкімі акупацыйнымі ўладамі, урад УНР прыняў рашэньне аб прыпыненьні існаваньня «рэспублікі» й пераходу ПС УПА ў падпольле. 15.11.1941 ПС УПА была самаліквідавана, зброя схавана, а людзі распушчаны па хатах.

На пачатку 1942, пасьля сустрэчы ат. Бульбы з прэзыдэнтам УНР А.Лявіцкім, была адноўлена ПС УПА, як «Украінская Паўстанчая Армія», штаб якой знаходзіўся ў Людвіпольскім раёне. УПА была рэарганізавана. Была прынята тактыка, у адпаведнасьці зь якой УПА адмаўлялася ад усеагульнага паўстаньня, а пераходзіла да дзеяньня «лятучымі брыгадамі» (вясной 1942 іх было 5). У той час, калі ОУН-Бандэры (у адсутнасьць С.Бандэры ёю кіраваў М.Лебедзь) адмаўлялася ад партызанскай дзейнасьці, «лятучыя брыгады» ат. Тараса Бульбы распачалі акцыі супраць нямецкіх войскаў на камунікацыях і ў ваенна-стратэгічных пунктах.

Восеньню 1942 кіраўніцтва УПА ат. Т.Бульбы праводзіла перамовы з кіраўніцтвам савецкага дывэрсійнага аддзелу палкоўніка Мядзьведзева, а таксама з прадстаўнікамі нямецкіх акупацыйных уладаў і польскіх партызанаў. Аднак яны закончыліся безвынікова. Летам 1942 ОУН-Бандэры й ОУН-Мельніка пачалі праводзіць на Палесьсі вайсковае шкаленьне сваіх сябраў, а ў кастрычніку 1942 С.Качынскім («Астап») на Кобрыншчыне быў арганізаваны першы аддзел бандэраўскай Украінскай Паўстанчай Арміі. Такім чынам, на Палесьсі нейкі час паралельна дзейнічалі дзьве УПА. Пачынаючы зь лютага 1943 вайсковыя аддзелы ОУН-Бандэры, як больш шматлікія й моцныя, здолелі падначаліць сабе партызанскія аддзелы ОУН-Мельніка. Распачаліся перамовы паміж УПА-Бульбы і УПА-Бандэры, якія закончыліся ў траўні 1943 безвынікова. У ліпені 1943 ат. Бульба перайменаваў сваю УПА ў «Украінскую Народна-Рэвалюцыйную Армію».

Частка УПА ат. Бульбы была сілаю ўключаная ў склад УПА-Бандэры, іншая пад назовам «Украінская Народна-Рэвалюцыйная Армія» па-ранейшаму знаходзілася пад палітычным кіраўніцтвам прэзыдэнта УНР А.Лявіцкага. У адпаведнасьці з наяўнай сытуацыяй кіраўніцтва УНРА зьмяншала склад арміі й пераводзіла свае структуры ў глыбокае падпольле, чакаючы прыходу Чырвонай Арміі, каб тады распачаць узброеную барацьбу. УПА-Бандэры, наадварот, павялічвала свае аддзелы й кантралявала на Палесьсі й Валыні цэлыя раёны. УПА-Бандэры пачала рабіць напады на аддзелы УНРА, пры гэтым палонныя «бульбаўцы» расстрэльваліся. У такіх умовах прэзыдэнт А.Лявіцкі забараніў адказваць на гэтыя правакацыі, каб не распальваць братазабойчай вайны й захаваць украінскія вайсковыя сілы перад пагрозай зьмены акупацыі.

У кастрычніку 1943 кіраўніцтва УНРА выдала «Адкрыты ліст» да сябраў ОУН-Бандэры, у якім выкрывала «антыўкраінскую палітыку», жорсткасьць і неразуменьне існуючай сытуацыі, створанай аунаўцамі УПА. У адказ УПА робіць напад на штаб УНРА, захоплівае шмат яе сябраў у палон. УНРА не праводзіла вайсковых акцый у адказ, а адышла ў бок р. Случ. Аддзелы ат. Бульбы вялі цяжкія баі з савецкімі партызанамі, а таксама мелі сутычкі з УПА.

У лістападзе 1943 кіраўніцтва УНРА вырашыла накіраваць нямецкім акупацыйным уладам мэмарандум, у якім немцам прапаноўвалася заключыць тайны мір, каб эвакуяваць цывільнае насельніцтва з Палесься ў Польшчу і Аўстрыю, а таксама вызваліць з канцлягера С.Бандэру, які мог бы стварыць на Ўкраіне адзіную УПА, якая б распачала барацьбу з савецкай уладай. Дэлегацыю ачоліў атаман Тарас Бульба, які выехаў у Роўна, а пасьля ў Бэрлін. Аднак 01.12.1943 сябры дэлегацыі былі арыштаваныя й апынуліся ў канцлягеры Заксэнхаўзэн.

УНРА з 1944 распачала антысавецкую партызанскую вайну.

Літ.: 1. Шаўцоў Ю. Людзі зь лесу // Пагоня. 15.05.1992; 2. Гуралюк Ю. Невядомая палеская вайна // Свабода. № 19, травень 1994; 3. Гуленка У. Партызанскі рух: спроба неідэалізаванага аналізу апьбо некалькі пытанняў сабе // Звязда. 07.08.1991; 4. Гуленко В. Бандеровцы воевали в Беларуси 11 лет // Свободные новости. № 5 (28), сакавік 1992; 5. Гуленка У. «Акаўцы», «бульбаўцы», «аунаўцы» Ці былі ў Беларусі антыфашысцкія і адначасова антысавецкія партызанскія фарміраванні або арганізацыі? // Звязда. 21.02.1991; 6. Баган О. Націоналізм і націоналістичний рух. Дрогобич, 1994. С. 143; 7. Грицак Я. Нарис історії України. Формування модерної україньскої нації XIX-XX століття. Київ, 1996. С. 244; 8. Т.Бульба-Боровець. Армія без держави. Львів, 1993; 9. Леонюк В. Словник Берестейщини. Львів, 1996. С. 74-75, 247.

Сяргей Ёрш

Паведаміць пра недакладнасьць