Бэрлінская канфэрэнцыя БНП (пачатак красавіка 1945) . Адбылася нелегальна пад кіраўніцтвам страшыні ЦК БНП Усевалада Родзькі. Акрамя партыйнага актыву, у асноўным вайскоўцаў, на ёй прысутнічалі кіраўнікі Саюзу Беларускае Моладзі й Беларускае Народнае Грамады Міхась Ганько і Сяргей Сіняк (Хмара). На канфэрэнцыі абмяркоўваліся пляны далейшай антыбальшавіцкай барацьбы. Кіраўніцтва БНП меркавала перакінуць у Беларусь як мага больш збройных аддзелаў «Дальвіцу» дзеля ўзмацненьня антысавецкага партызанскага руху. Супраць гэтага выказаўся С.Хмара. Ён гаварыў, што паводле ацэнкі сытуацыі ягонай групай, вайна паміж Захадам і Савецкім Саюзам, на якую спадзяваліся незалежнікі, хутка не пачнецца. Спасылаючыся на досьвед антыпольскай партызанкі БНР 1921-1925, Хмара ўпэўніў прысутных, што партызанскі рух больш пяцёх гадоў, без дапамогі зброяй і іншым, існаваць ня зможа. Бяз сувязі з палітычным цэнтрам ён можа ператварыцца ў крымінальны бандытызм. Таму Хмара прапанаваў перакінуць вайсковы актыў на Захад.

Канфэрэнцыя, аднак, пастанавіла ініцыяваць партызанку ў Беларусі, але абмежаваць яе дзеяньне да пяцёх гадоў, калі да гэтага часу не пачнецца савецка-амэрыканскі ваенны канфлікт. На прапанову прадстаўніка Грамады незалежнікі вырашылі прыняць тактыку Беларускай Народнай Партызанкі, а менавіта: «...партызанка мае за мэту захаваньне Беларускіх Збройных Сілаў і зьбіраньне расьцярушаных збройных групаў у рамкі Партызанскіх Нацыянальных Сілаў, а ня збройныя, непатрэбныя выступы, якія зьнішчылі б гэтыя збройныя сілы перадчасна». Дзеля палітычнага кіраваньня партызанкай была створана Беларуская Вайсковая Арганізацыя (БВА). Паводле іншых зьвестак, БВА была арганізавана яшчэ ў 1944 і ўсе дэсантнікі «Дальвіцу» лічыліся яе сябрамі. Аднак лёс Беларускай Вайсковай Арганізацыі застаецца невядомым.

На канфэрэнцыі кіраўнік СБМ М.Ганько падтрымаў яе рашэньне й заявіў аб сваім далучэньні да партызанкі, каб «адкупіць свае правіны перад народам, што верыў гітлерцам».

Літ.: 1. Стасевіч Ю. Беларуская партызанка 1944-1952 гг. // Беларускі Голас (Таронта). № 232, красавік 1975; 2. Хмара С. Беларуская Сялянска-Работніцкая Грамада // Беларускі Голас. № 97, верасень 1962; 3. Соловьев А. Белорусская Центральная Рада: создание, деятельность, крах. Мн., 1995. С. 90.

Сяргей Ёрш

Паведаміць пра недакладнасьць