Абсалютнае і адноснае. Чалавек сутыкаецца з гэтымі паняццямі практычна ў любой галіне ведаў. Абсалютныя і адносныя велічыні ў прыродазнаўстве, абсалютная і адносная храналогія ў археалогіі, абсалютныя і адносныя правы ў юрыспрудэнцыі даўно сталі спецыяльнымі навуковымі тэрмінамі. Устойлівымі ў нашай мове сталі такія словазлучэнні, як «абсалютная (адносная) большасць», «абсалютная (адносная) перавага» і інш. Справа ў тым, што ў самых розных з'явах рэчаіснасці прысутнічаюць такія рысы, уласцівасці, прыкметы, якія характарызуюцца як нешта адноснае, г.зн. залежнае, зменлівае, абумоўленае нечым, або абсалютнае, г.зн. незалежнае, пастаяннае, безумоўнае. Увесь свет можна разглядаць як бясконцае мноства адносных рэчаў, здарэнняў, працэсаў, з'яў, якія разам утвараюць адзіную, невычарпальную, г.зн. абсалютную, аб'ектыўную рэальнасць. У гэтым кантэксце паняцці абсалютнага і адноснага набываюць філасофскае значэнне, становяцца філасофскімі катэгорыямі, якія адлюстроўваюць самыя агульныя (характэрныя ўсяму, што існуе ў рэчаіснасці) уласцівасці быцця і свядомасці. Акрамя прыродных характарыстык катэгорыямі абсалютнага і адноснага ў філасофіі сталі надаваць духоўны змест (дасканаласці, дабра, мудрасці). У сярэднія вякі гэтым катэгорыям надалі яшчэ і рэлігійны сэнс (абсалютнае трактавалася як божае, а адноснае - як створанае). У выніку гэтага ў некаторых філасофскіх канцэпцыях паняцце «абсалют» атаясамліваецца з паняццем Бог.