Паняцце. У працэсе працоўнай дзейнасці чалавек навучыўся мысленна аб'ядноўваць прадметы ў класы, абагульняць па іх уласцівасцях. Напачатку паняцці мелі наглядна-вобразны характар, потым з'явіліся больш абстрактныя (напр., паняцце малекулы, атама). Утварэнне паняццяў магчыма толькі праз абстракцыю (уласціва толькі чалавеку), з дапамогай якой адбываецца пранікненне ад знешняга да ўнутранага, ад з'явы да сутнасці. З дапамогай паняцця вылучаюць істотнае, агульнае ў прадмеце (уласцівасць, прыкмета, функцыя і г.д.), адхіляючыся ад індывідуальнага, асобнага. Таму паняцце характарызуе не асобны прадмет, а цэлы клас прадметаў, аб'яднаных той ці інш. прыкметай. Кожнае паняцце характарызуецца зместам (сукупнасць адлюстраваных у ім уласцівасцей прадметаў) і аб'ёмам (множнасць, хаос прадметаў). Устанаўліваючы сувязі і адносіны паміж паняццямі, навуковае мысленне, якое прытрымліваецца законаў дыялектычнай логікі, узыходзіць ад абстрактнага да канкрэтнага, у выніку чаго нашы веды пра рэчаіснасць становяцца ўсё больш шырокімі, шматграннымі і змястоўнымі. Такім чынам, паняцце - гэта думка, якая ў абагульненай форме адлюстроўвае прадметы і з'явы рэчаіснасці; лагічная форма, з дапамогай якой будуюцца іншыя формы мыслення (суджэнне, вывады).

Паведаміць пра недакладнасьць