Мысленне. Чалавек мыслячым розумам у стане ахапіць свядомасцю ўвесь свет. Вылучыўшы мысленне як своеасаблівую форму пазнавальнай актыўнасці чалавека і прызнаўшы, што «мысленне ёсць найвялікшая перавага» (Геракліт), антычныя філосафы падзяліліся на 2 лагеры ў залежнасці ад разумення яго паходжання і сутнасці. Ідэалісты адрывалі мысленне ад матэрыяльнай рэчаіснасці, лічылі яго праяўленнем духоўнага першапачатку быцця. Матэрыялісты першаасновай лічаць матэрыю. Узнікае мысленне ў працэсе вытворчай дзейнасці людзей і забяспечвае непасрэднае адлюстраванне рэчаіснасці. Яно мае грамадскую прыроду, існуе толькі ў сувязі з працоўнай і прадметнай дзейнасцю грамадства, адбываецца ў цеснай сувязі з мовай. Мысленне - найвышэйшая форма актыўнага адлюстравання аб'ектыўнай рэальнасці, што ўяўляе сабой мэтанакіраваны, апасродкаваны і абагульнены працэс пазнання чалавекам істотных сувязей і адносін прадметаў і з'яў, творчага ўсведамлення новых ідэй, прагназавання з'яў і дзеянняў. Дзякуючы яму чалавек вызначае пэўныя мэты, якія гарантуюць вынікі практычнай дзейнасці, падпарадкоўваюць дзеянні людзей і абумоўліваюць працэс пераўтварэння свету. Складаны сацыяльна-гістарычны феномен мыслення вывучаюць розныя навукі: тэорыя пазнання, логіка, псіхалогія, фізіялогія вышэйшай нервовай дзейнасці, мовазнаўства і інш. У наш час вялікую ролю набылі метады мадэлявання мыслення з дапамогай розных кібернетычных прылад.