Матэрыя (лац. materia). З гэтым словам звязваюць розныя паняцці. Арыстоцель вызначаў матэрыю як чыстую магчымасць, ёмістасць формаў. Пазней пад матэрыяй разумелі нешта такое, што валодае працягласцю, масай, інерцыяй і г.д. Паступова матэрыя страчвала гэтыя атрыбуты. Навука вызначае матэрыю як аб'ектыўную рэальнасць, што існуе па-за і незалежна ад чалавечай свядомасці і адлюстроўваецца ёю. Яна ахоплівае бясконцае мноства рэальна існуючых аб'ектаў і сістэм свету, з'яўляецца субстанцыяльнай асновай разнастайных уласцівасцей і формаў руху; існуе толькі ў бясконцым мностве канкрэтных формаў, розных аб'ектаў і сістэм. Яна нестваральная і незнішчальная, вечная па часе і бясконцая ў прасторы, у сваіх структурных праявах, непарыўна звязана з рухам, здольная да незгасальнага самаразвіцця, якое на пэўных этапах, пры наяўнасці спрыяльных умоў прыводзіць да ўзнікнення жыцця і істот, якія мысляць. Фізічнымі формамі існавання матэрыі з'яўляюцца рэчыва (часцінкі - атамы, малекулы і інш.) і розныя палі (электрамагнітныя, гравітацыйныя і інш.). Свядомасць выступае як найвышэйшая форма адлюстравання, уласцівага матэрыі. У свеце нічога не існуе, што не было б вызначаным відам ці станам матэрыі, яе ўласцівасцямі ці формай руху, прадуктам яе гістарычнага развіцця. Прызнанне першаснасці матэрыі ў адносінах да свядомасці і яе незалежнасці ад свядомасці - асноўны прынцып філасофскага матэрыялізму.

Паведаміць пра недакладнасьць