Абстрактнае і канкрэтнае. Калі мы бачым аўтамабіль, то ўспрымаем яго як цэлае, што складаецца з формы, колеру, руху, гуку і г.д. Але гэта наша ўяўленне пра аб'ект ёсць толькі пачуццёвы вобраз, які не дае нам дэталёвых ведаў пра аўтамабіль, яно - абстрактнае паняцце. Для таго, каб аўтамабіль вырабляць, эксплуатаваць і абслугоўваць, неабходны тэарэтычныя веды ў галіне фізікі, матэматыкі, механікі, тэхналогіі вытворчасці, тэхнікі кіравання і вялікае мноства практычных ведаў. Сукупнасць усіх гэтых ведаў дазваляе мысленна стварыць цэласны канкрэтны вобраз пэўнага аб'екта (напрыклад, аўтамабіля), які дазваляе практычна авалодаць усёй разнастайнасцю яго рэальных уласцівасцей. Метад стварэння абстрактнага вобраза аб'екта называецца абстракцыяй. Абстрактнымі з'яўляюцца, напрыклад, такія паняцці, як праца, кошт, аб'ём, тэмпература і інш. Метадам абстракцыі фармуюцца ўсе паняцці, якія існуюць у свеце. Абстрактныя паняцці з'яўляюцца лагічнымі катэгорыямі і па гэтай прычыне выкарыстоўваюцца ў разважаннях, формулах, законах, пры пабудове розных тыпаў мадэлей і інш. Метад абстракцыі - гэта ўніверсальны метад пазнання, лагічная аснова разумення з'яў прыроды і грамадскага жыцця. Паняцце канкрэтнага адлюстроўвае факт існавання прадметаў і з'яў як адзінства разнастайных бакоў, уласцівасцей і адносін. Паняцце абстрактнага адлюстроўвае адносную самастойнасць гэтых «частак», розныя іх адносіны да сутнасці аб'екта і задач суб'екта.