Акцыянернае таварыства, форма арганізацыі вытворчасці на аснове цэнтралізацыі капіталу шляхам продажу акцый. Купляючы каштоўныя паперы - акцыі, іх уладальнікі тым самым аб'ядноўваюць свае капіталы для сумеснай прадпрымальніцкай дзейнасці, а самі атрымліваюць права на дывідэнды - пэўную частку прыбытку. Акцыянернае таварыства з'яўляецца юрыдычнай асобай, мае свой статут. Яго вышэйшы орган - сход акцыянераў, бягучымі справамі кіруе праўленне (савет дырэктараў). Акцыянернае таварыства мае абмежаваную адказнасць па абавязацельствах: адказвае толькі маёмасцю таварыства, а акцыянеры - толькі коштам сваіх акцый. Маёмасць акцыянернага таварыства фармуецца з укладаў акцыянераў (уласны капітал) і назапашанага прыбытку, а таксама за кошт крэдытаў банка (пазыковыя сродкі) і выпуску сваіх аблігацый. Бываюць адкрытыя акцыянерныя таварыствы (акцыі свабодна прадаюцца і купляюцца) і закрытыя (акцыі размяркоўваюцца толькі сярод заснавальнікаў акцыянернага таварыства). Ва ўмовах рыначнай эканомікі акцыянерныя таварыствы становяцца асноўнай формай функцыянавання сярэдніх і буйных прадпрыемстваў.
У Беларусі акцыянерныя таварыствы існавалі на пачатку 20 ст., дзейнічалі і ў перыяд нэпа і зноў пачалі ўзнікаць у 1990-я г., пераважна на базе дзяржаўных прадпрыемстваў.