Рыначная эканоміка, эканоміка, вызначальнай рысай якой з'яўляецца рынак як форма ўзаемаадносін і сувязей паміж суб'ектамі гаспадарання і дзяржавай. Тэрмін з'явіўся як антыпод планава-размеркавальнай эканомікі. Рыначная эканоміка - складанае сацыяльнае ўтварэнне, якое прайшло шлях эвалюцыі ад свабоднай рыначнай эканомікі 19 ст. да сучаснай з дзяржаўным яе рэгуляваннем. Неабходныя ўмовы функцыянавання рыначнай эканомікі: наяўнасць незалежных таваравытворцаў, свабода прадпрымальніцтва і гарантыі правоў уласнасці розных эканамічных суб'ектаў; канкурэнцыя таваравытворцаў і рыначныя цэны для ўраўнаважання попыту і прапановы; наяўнасць сістэмы розных рынкаў (таварных, рабочай сілы, капіталаў, каштоўных папер, жылля і г.д.); адкрытасць эканомікі сусветным інтэграцыйным працэсам, магчымасць міграцыі рабочай сілы, тавараў і капіталаў; стварэнне сістэмы сацыяльнай абароны насельніцтва. У Беларусі паступовы пераход да рыначнай эканомікі пачаўся ў 1990-я г. з трансфармацыі формаў уласнасці: заканадаўча дазволена існаванне прыватнай уласнасці, у тым ліку і на зямлю на прысядзібных і садова-агародніцкіх участках з правам перадачы яе ў спадчыну і продажу; ажыццяўляецца прыватызацыя жылля, прадпрыемстваў прамысловасці, будаўніцтва і сферы абслугоўвання; у сельскай мясцовасці ствараюцца фермерскія гаспадаркі; фармуецца банкаўская сістэма, у склад якой, акрамя Нацыянальнага, уваходзяць камерцыйныя і прыватныя банкі; фармуецца і рынак працы. З узнікненнем беспрацоўя дзейнічае сістэма па перападрыхтоўцы работнікаў і працаўладкавання. Ажыццяўляюцца таксама меры па сацыяльнай абароне насельніцтва. Для авалодання ведамі па кіраванні вытворчасцю ва ўмовах рыначнай эканомікі створана сетка навучальных устаноў і навуковых цэнтраў.