Антыфашызм, ідэйна-палітычная плынь і грамадскі рух палітычных сіл розных светапоглядаў і ідэалогій, а таксама палітыка дэмакратычных урадаў, накіраваная супраць фашызму. Узнік у Эўропе да пачатку 1920-х г., каб процідзейнічаць уплыву фашысцкіх арганізацый і партый на палітычнае жыццё і дзяржаўную ўладу. Значнага размаху дасягнуў з устанаўленнем у 1930-я г. адкрытых фашысцкіх дыктатур у Германіі, Італіі, Гішпаніі, актывізацыяй фашысцкіх сіл у шэрагу іншых эўрапейскіх краін. У 2-ю сусветную вайну антыфашызм з'явіўся асновай антыгітлераўскай кааліцыі, вызваленчай барацьбы народаў свету супраць дзяржаў «восі» (Германія, Італія, Японія). Пасля вайны антыфашызм садзейнічаў пераадоленню рэшткаў фашызму ў грамадскім жыцці, нацыянальнаму аднаўленню і адраджэнню. Захоўвае значэнне як сродак процідзеяння неафашызму.

Паведаміць пра недакладнасьць