Фашызм (італьян. fascismo ад fascio - пучок, звязка, аб'яднанне), праваэкстрэмісцкі, крайні нацыяналістычны і аўтарытарны рух, які ўзнік пасля 1-й сусветнай вайны ў эўрапейскіх краінах, што перажылі перыяд сацыяльнай і палітычнай нестабільнасці. У 1920-я г. фашызм прыйшоў да ўлады ў Італіі, у 1930-я г. - у Германіі і іншых краінах. Сваёй вяршыні дасягнуў у 1930-1945. Фашызм шырока выкарыстоўваў сацыяльную дэмагогію, «антыкапіталістычныя» і псеўдасацыялістычныя ідэі, нацыянальныя пачуцці мас. Адлюстроўваў інтарэсы найбольш рэакцыйных фінансавых і прамысловых колаў грамадства. Цэнтральнымі ідэямі фашызму з'яўляліся вера ў перавагу і неабходнасць панавання выбраных «вышэйшых» нацый, заснаваных на агульнасці крыві, над іншымі «ніжэйшымі» расамі і народамі, імкненне падпарадкаваць грамадства моцнай уладзе аўтарытарнай партыі, якая забяспечвае ўсеагульны кантроль над асобай і грамадствам, містычнай асобе дыктатара (культ правадыра). Фашысты прапаведавалі ўзвелічэнне таталітарнай дзяржавы (расавае або карпаратыўнае грамадства), знішчалі інстытуты свабоды і дэмакратыі, падаўлялі апазіцыю (прафсаюзы і інш.), усталёўвалі татальныя кантроль, тэрор і насілле над грамадствам, праводзілі мілітарысцкую ўнутраную і ваяўнічую знешнюю палітыку. У гады 2-й сусветнай вайны нормай дзейнасці фашызму сталі лагеры смерці, генацыд, злачынствы супраць чалавечнасці. Фашызм адыграў галоўную ролю ў развязванні 2-й сусветнай вайны, якая забрала каля 60 мільёнаў жыццяў, але пацярпеў сакрушальнае ваеннае і маральна-палітычнае паражэнне. Фашысцкія злачынствы перад чалавецтвам асуджаны Нюрнбергскім міжнародным трыбуналам, створаным ААН. Аднак у хуткім часе пасля вайны ў некаторых краінах Заходняй Эўропы фашызм пачаў адраджацца як неафашызм, стратэгія і тактыка якога ў ідэйных і палітычных адносінах заснаваны на фашысцкіх пастулатах. Сацыяльная база для ўзнікнення неафашызму - праяўленні хаосу ў грамадстве, імперскай свядомасці і вялікадзяржаўнага шавінізму, абвастрэнне комплексу нацыянальнай ушчэмленасці, праяўленні ўнутраных канфліктаў. Неафашызм выкарыстоўвае таксама нізкую палітычную культуру, канфармізм, адсутнасць развітых дэмакратычных традыцый, карані аўтарытарызму і таталітарнай свядомасці, падатлівасць людзей на сацыяльную дэмагогію, іх спадзяванні на простыя рашэнні і хуткі поспех у наладжванні жыцця з дапамогай «жалезнай рукі». Гл. таксама Аўтарытарызм, Расізм, Шавінізм.

Паведаміць пра недакладнасьць