Шавінізм (франц. chauvinisme), пропаведзь нацыянальнай перавагі і нацыянальнай выключнасці, проціпастаўленне інтарэсаў адной нацыі інтарэсам іншых нацый. Па сутнасці шавінізм збліжаецца з расізмам і суправаджаецца распальваннем нацыянальнай варожасці і нянавісці, вядзе да вострых унутраных або міжнародных канфліктаў. Тэрмін «шавінізм» паходзіць ад імя капрала напалеонаўскай арміі Нікалая Шавэна, які быў вялікім прыхільнікам заваёўніцкай палітыкі і культу Напалеона Банапарта і сказаў: «Французы лепшыя за ўсіх, усе горшыя за французаў». Пазней гэты тэрмін стаў выкарыстоўвацца для абазначэння прыхільнікаў ідэі ваеннай перавагі якой-небудзь нацыі або дзяржавы. Шавінізм можа прымаць і больш вытанчаныя формы, апраўдваючы эканамічную экспансію, палітычны ўціск, культурнае дамінаванне, а таксама прыгнёт нацыянальных меншасцей і «малых народаў» (т.зв. «вялікадзяржаўны шавінізм»). У пераносным сэнсе ўжываецца для абазначэння дамінавання адной сацыяльнай групы над другой (напрыклад, «мужчынскі шавінізм»).

Паведаміць пра недакладнасьць