Аўтарытарызм (франц. autoritarisme ад лац. auctoritas - улада, уплыў). Гістарычны вопыт сведчыць пра наяўнасць дзвюх процілеглых сістэм кіравання грамадствам - дэмакратычнай, у аснове якой ляжыць свабодны выбар і паўнаўладдзе народа, і антыдэмакратычнай, пры якой адсутнічаюць законнасць, правапарадак, ігнаруюцца правы і свабоды грамадзян, пашыраны сацыяльная дэмагогія і валюнтарызм. Калі антыправавая тэорыя і практыка палітычнага ўладарання спалучаецца з рознага роду элементамі асабістай дыктатуры, яе называюць аўтарытарызмам. Неабмежаванае, бескантрольнае, паўнаўладнае праўленне адной асобы вядзе да аўтакратыі і дэспатызму. Тэрмін «аўтарытарызм» уведзены ў навуковы ўжытак нямецкім філосафам і сацыёлагам Т.Адорна і абазначаў форму палітычнай свядомасці, адметную паталагічнай, агрэсіўнай адданасцю аўтарытэту, арыентацыяй на ўладу і сілу. Да гістарычных формаў аўтарытарызму адносяцца антычныя і азіяцкія дэспатыі (Персія, Спарта і інш.), абсалютысцкія формы праўлення сярэднявечча і новага часу (манархіі). У 20 ст. пры розных формах ваенна-паліцэйскіх і дыктатарскіх рэжымаў тэорыя і практыка аўтарытарызму была даведзена да яго крайняй формы - таталітарызму, пры якім ажыццяўляецца абсалютны, татальны кантроль над усімі сферамі жыцця грамадства і асобы. Аўтарытарны рэжым звычайна ўсталёўваецца ва ўмовах палітычнага крызісу, дзяржаўнага перавароту або грамадзянскай вайны.
Безумоўнае паслушэнства, празмерны цэнтралізм улады, задушэнне дзяржавай творчых пачаткаў і сацыяльнай самастойнасці людзей, прамая апора на ваенна-карны апарат - тыповыя прыкметы аўтарытарызму. Рэальныя ўлада пры гэтым канцэнтруецца ў руках лідэра і пануючай эліты, арганізаванай у строга іерархічную вертыкальную структуру кіравання. Звычайна такія рэжымы трымаюцца на непрыкрытым насіллі, дэманстрацыйнай жорсткасці і культываванні ў масах фанатызму, страху і рабалепных адносін да ўлады. Усяму гэтаму спадарожнічаюць сістэматычныя парушэнні канстытуцыі і дзеючага ў краіне заканадаўства, пазбаўленне самастойнасці прадстаўнічых і судовых органаў улады, зніжэнне дзелавой і палітычнай актыўнасці, дэградацыя духоўнай сферы і культуры. Альтэрнатывай аўтарытарызму з'яўляецца дэмакратыя як адна з асноўных формаў праўлення і палітычнай арганізацыі грамадства, грамадскі кантроль за дзейнасцю органаў дзяржаўнага кіравання, поўная адпаведнасць фармальна абвешчаных і рэальна дзеючых нормаў грамадскіх адносін.