Аўтарытэт (ням. Autorität ад лац. auctorias - улада, уплыў), у шырокім сэнсе - агульнапрызнаны ўплыў якой-небудзь асобы або арганізацыі ў розных сферах грамадскага жыцця, заснаваны на ведах, маральных якасцях, вопыце (аўтарытэт бацькоў, настаўнікаў і інш.); у больш вузкім значэнні - адна з формаў здзяйснення ўлады. Існуе таксама аўтарытэт закону, якога-небудзь правіла, сацыяльнай нормы, прызнаных людзьмі, на якіх пашыраецца іх дзеянне. Аўтарытэт выяўляецца ў здольнасці індывіда (групы індывідаў) накіроўваць учынкі ці думкі другога чалавека (групы людзей), пазбягаючы прымусу. Абмежаваная магчымасць чалавека вырашаць праблемы, што паўстаюць перад ім, прыводзіць яго да неабходнасці прымаць на веру сцверджанні носьбітаў аўтарытэту. У першабытным грамадстве бясспрэчны для ўсіх яго сябраў быў аўтарытэт старэйшын, якія мелі жыццёвы вопыт, веды, уменні і навыкі. З узнікненнем прыватнай уласнасці аўтарытэт часам залежаў не толькі ад ведаў, вопыту і маральных рыс асобы, але і ад яго маёмаснага стану - багацця. З узнікненнем дзяржавы аўтарытэт становіцца палітычным і прававым паняццем. Сапраўдны аўтарытэт мае прававая і дэмакратычная дзяржава, дзе захоўваюцца правы чалавека, гарантуюцца асноўныя свабоды грамадзян. Дзяржава не можа існаваць без палітычнага аўтарытэту, а ён павінен грунтавацца на маральнай чысціні, павазе да людзей, прафесіяналізме і інш. Існуюць таксама эканамічны, духоўны, маральны, прафесійны, навуковы аўтарытэт. Найчасцей аўтарытэт выкарыстоўваецца для кіравання людзьмі. З гэтай прычыны кожны кіраўнік імкнецца заваяваць аўтарытэт як сярод падначаленых, так і сярод тых, каму ён сам падпарадкаваны. Бываюць выпадкі, калі чый-небудзь або свой аўтарытэт імкнуцца ўзвысіць дзякуючы пасадзе. Але нельга стварыць аўтарытэт ні пасадамі, ні законамі, ні пастановамі. Аўтарытэт не мае нічога агульнага з культам асобы. Дэмакратыя, галоснасць, а часам і калегіяльнасць у прыняцці рашэнняў здольныя прадухіліць ператварэнне любога аўтарытэту ў культ асобы.