Аптымізм (ад лац. optimus - найлепшы). Пад аптымізмам часта разумеюць якасць, якая цалкам залежыць ад характару і тэмпераменту чалавека. На асабістым узроўні аптымізм разглядаецца як эмацыянальная характарыстыка жыццядзейнасці чалавека, якая адлюстроўвае яго светаўспрыманне. На грамадскім узроўні мы маем справу з больш агульнымі светапогляднымі прынцыпамі, звязанымі з рэалізацыяй дамінуючай мэты людзей. Як філасофска-этычны прынцып аптымізм звязаны з асэнсаваннем каштоўнасці быцця, з прызнаннем таго, што жыццё чалавека ўяўляе сабой найвышэйшую каштоўнасць. Гісторыя чалавечай думкі ведае і чыста індывідуалістычныя канцэпцыі сэнсу жыцця (напрыклад, геданізм, які звязвае найвышэйшыя даброты з задавальненнем пачуццёвых патрэб) і тэорыі, якія звязваюць сэнс жыцця і шчасце чалавека з дасягненнем усеагульнага дабра. Таму паняцце «аптымізм» найперш звязана з магчымасцямі рэалізацыі дамінуючай мэты - прагрэсу і ў грамадскім развіцці, і ў індывідуальным быцці. На асабістым узроўні аптымізм грунтуецца на веры ў свае сілы і магчымасці, на адчуванні паўнаты быцця. Тут найбольш дакладна выяўляецца эмацыянальны характар аптымізму: пачуццё ўпэўненасці, бадзёрасці, жыццярадаснасці, жыццялюбства. Калі гэтыя рысы з'яўляюцца ўстойлівымі ў характары чалавека, мы называем яго аптымістам.
Такім чынам, аптымізм - гэта сістэма ўяўленняў, у аснове якой ляжыць перакананасць у лепшай будучыні, у магчымасці перамогі дабра над злом, у найвышэйшай каштоўнасці чалавечага жыцця; гэта светаадчуванне, бачанне і ўспрыманне свету, звязанае з імкненнем знаходзіць ва ўсім дадатныя бакі. Аптымізм процілеглы песімізму.