Аўтаномія (ад грэч. autonomia ад autos - сам + nomos - закон), самастойнае ажыццяўленне дзяржаўнай улады ці кіравання, якое дадзена канстытуцыяй якой-небудзь частцы дзяржавы. Найчасцей будуецца паводле адміністрацыйна-тэрытарыяльнага прынцыпу і можа мець розны статус (рэспубліка, акруга, вобласць, асобная нацыянальная ці рэлігійная супольнасць). У былым СССР існавала 20 аўтаномных рэспублік (АССР), 18 аўтаномных абласцей і акруг. Яны мелі формы аўтаноміі: палітычную ці адміністрацыйную. Палітычная аўтаномія надавалася аўтаномным рэспублікам, якія з'яўляліся нацыянальнымі дзяржавамі, мелі свае канстытуцыі, вышэйшыя органы дзяржаўнай улады і кіравання, уласнае грамадзянства. Адміністрацыйная аўтаномія надавалася аўтаномным абласцям і акругам (лічыліся нацыянальна-тэрытарыяльнымі ўтварэннямі, а не дзяржавамі). Яны не мелі сваёй канстытуцыі і грамадзянства, самакіраванне пашыралася толькі на галіну адміністрацыйнага кіравання. Паводле Канстытуцыі 1993 у Расейскай Федэрацыі захаваліся 10 аўтаномных акруг і аўтаномная жыдоўская вобласць. Беларусь аўтаномных адзінак не мае. У розных формах аўтаномія ажыццяўляецца і ў іншых краінах свету (напрыклад, у Вялікабрытаніі, Швейцарыі) і надаецца, як правіла, тэрыторыям, кампактна заселеным нацыянальнымі супольнасцямі, што вызначаюцца асаблівасцямі мовы, ментальнасці, эканамічнага, палітычнага і культурнага развіцця.

Існуе таксама нацыянальна-культурная аўтаномія - свабоднае, самастойнае функцыянаванне і развіццё нацыянальных культур асобных этнічных супольнасцей. Яна грунтуецца на канстытуцыі ці іншых заканадаўчых актах краіны і можа існаваць у форме нацыянальных саветаў, школ, культурна-асветных устаноў і інш. У Беларусі ў 1920-1930-я г. ў месцах кампактнага пражывання нацыянальных меншасцей дзейнічалі нацыянальныя сельскія і местачковыя Саветы з правамі аўтаноміі: 23 польскія, 23 жыдоўскія, 16 расейскіх, 5 латышскіх, 2 украінскія і 2 нямецкія нацыянальныя саветы, а таксама Койданаўскі польскі нацыянальны раён; дзейнічалі нацыянальныя дамы, хаты-чытальні, тэатры, мастацкія студыі, літаратурныя аб'яднанні; выдаваліся кнігі, часопісы, газеты на мовах нацыянальных меншасцей. У канцы 1930-х г. усе формы нацыянальна-культурнай аўтаноміі ў БССР перасталі існаваць. Іх адраджэнне пачалося ў канцы 1980-х г. Створаны Саюз палякаў Беларусі, Асацыяцыя ўкраінцаў Беларусі «Ватра», беларускія аб'яднанні жыдоўскіх арганізацый і суполак, Беларускае згуртаванне татар-мусульман «Аль-Кітаб» і інш. Пачалі дзейнічаць рэлігійныя абшчыны і культурна-асветныя ўстановы, выходзяць перыядычныя выданні на мовах асобных нацыянальных супольнасцей краіны.

Паведаміць пра недакладнасьць