Білінгвізм (ад лац. bi... - дву(х)... + lingua - мова), двухмоўе - карыстанне дзвюма мовамі. Многія народы знаходзяцца ў пастаянным кантакце адзін з адным, асабліва суседнія этнасы, ці тыя, што знаходзяцца ў складзе адной дзяржавы. Эканамічныя, культурныя, навуковыя і іншыя кантакты таксама патрабуюць вывучэння і выкарыстання ў моўнай практыцы дзвюх і больш моў.

У Беларусі білінгвізм існаваў здаўна, хоць яго характар і састаўныя кампаненты мяняліся. У перыяд Вялікага Княства Літоўскага (13-18 ст.) існавала беларуска-царкоўнаславянскае пісьмовае і вуснае двухмоўе. Пасля аб'яднання ВКЛ з Польскім каралеўствам у фэдэратыўную дзяржаву Рэч Паспалітую пачало складвацца беларуска-польскае двухмоўе. Калі пасля трох падзелаў Рэчы Паспалітай (1772, 1793, 1795) беларускія землі былі далучаны да Расейскай імперыі, а функцыі афіцыйнай мовы стала выконваць расейская мова, шырока развівалася беларуска-расейскае двухмоўе. Функцыі міжнацыянальных кантактаў расейская мова выконвала і ў былым СССР. Моўная сітуацыя ў Беларусі ў пэўныя гістарычныя перыяды характарызавалася як шматмоўная пры фактычным аднамоўі значнай часткі беларускага насельніцтва. Сучасная моўная сітуацыя ў Беларусі характарызуецца пераважна суіснаваннем беларускай і расейскай моў і можа быць вызначана як беларуска-расейскае двухмоўе. З прыняццем у 1990 закону «Аб мовах у Беларускай ССР» і наданнем беларускай мове статуса дзяржаўнай мовы суадносіны моў у Беларусі пачалі мяняцца на карысць беларускай мовы. Пасля рэферэндумаў 1995 і 1996, паводле вынікаў якіх расейскай мове быў нададзены роўны статус з беларускай, гэты працэс запаволіўся.

Паведаміць пра недакладнасьць