Вечнасць, бясконцае (у часе) існаванне матэрыяльнага свету, абумоўленае нестваральнасцю і незнішчальнасцю матэрыі і яе атрыбутаў, матэрыяльным адзінствам свету. Вечнасць уласціва толькі матэрыі ў цэлым; кожная асобная матэрыяльная сістэма, у т.л. грамадскае жыццё і формы яе арганізацыі, абмежавана ў прасторы і часе (мае пачатак і канец). Вечнасць не зводзіцца да неабмежаванага аднароднага існавання матэрыі ў адных і тых жа станах ці да бясконцай паслядоўнасці кругаваротаў. Яна ўключае ў сябе пастаянныя якасныя ператварэнні матэрыі і ўзнікненне новых станаў. Прызнанне вечнасці матэрыяльнага свету, яго здольнасці бясконца рухацца і самаразвівацца з'яўляецца асновай матэрыялістычнага погляду на працэсы ў Свеце. У тэалогіі і аб'ектыўным ідэалізме вечнасць трактуецца як атрыбут Бога або абсалютнага духа; яны разумеюцца па-за часам, г.зн. ў вечнасці, і надзяляюцца здольнасцю рэгуляваць працэсы, якія адбываюцца ў Сусвеце ў адпаведнасці з ідэаламі абсалютнага дабра і маральнай дасканаласці. Матэрыялістычная філасофія адхіляе тэорыі, якія ў процілегласць вечнасці матэрыяльнага свету прапаведуюць ідэю яго канчатковага стану («цеплавая смерць Сусвету», сцісканне ўсяго рэчыва свету да бясконца вялікай шчыльнасці і інш.), а таксама зваротнага руху.

Паведаміць пра недакладнасьць