Гераізм, здзяйсненне выдатных па сваім грамадскім значэнні дзеянняў, якія адпавядаюць інтарэсам большасці людзей і патрабуюць ад чалавека асабістай мужнасці, стойкасці, здольнасці дзейнічаць рашуча ў небяспечных і складаных абставінах, гатоўнасці да самаахвяравання. Пытанне аб гістарычнай прыродзе гераізму ўпершыню пастаўлена ў 18 ст. італьянскім філосафам Дж.Віка. Ён лічыў, што гераізм звязаны выключна з т.зв. «векам герояў», які папярэднічаў «веку людзей». «Век герояў» - гэта т.зв. «гераічны перыяд» у гісторыі Старажытнай Грэцыі, адлюстраваны ў антычнай міфалогіі. Міфічны герой надзяляўся звышчалавечай сілай, яго апекавалі багі, здзяйсняў подзвігі ў імя чалавецтва. Канцэпцыю Віка развіваў Гегель, які трактаваў «гераічны век» як супадзенне індывідуальнай асабістай справы і яе ўсеагульнага значэння і адносіў яго да перыяду, што папярэднічаў развітаму дзяржаўна-прававому ладу. З пункту гледжання Віка і Гегеля, ва ўмовах, калі для кожнага чалавека сфармуляваны і строга акрэслены нормы паводзін, якія ўсталёўваюць раўнавагу паміж правамі і абавязкамі асобы, для гераізму ўжо не застаецца месца. Некаторыя прадстаўнікі рамантызму (Ф.Шлегель, Т.Карлейль і іншыя) надавалі гераізму выключна індывідуальныя асаблівасці. Ф.Ніцшэ разглядаў героя як «звышчалавека», які стаіць «па другі бок дабра і зла», для якога агульначалавечая мараль - гэта мараль «натоўпу». Марксісты трактавалі гераізм, як спалучэнне індывідуальнага подзвігу з подзвігам народных мас. У паўсядзённым жыцці прававых дэмакратычных грамадстваў, у якіх пануе дух здаровага сэнсу і практычнага разліку, гераізм страціў свой першапачатковы сэнс. У кожнага народа свае адносіны да герояў і гераізму ўвогуле. Гэта звязана з гістарычнымі ўмовамі, рэлігіяй, нацыянальнымі традыцыямі і інш. Гераізм трэба разглядаць як подзвіг індывіда або групы людзей, які яны здзяйсняюць у экстрэмальных сітуацыях (войны, катастрофы, стыхійныя бедствы і іншае) у інтарэсах народа. Прыкладамі гераізму могуць служыць подзвігі многіх тысяч людзей, што аддалі сваё жыццё ў імя прагрэсу чалавецтва, свабоды і незалежнасці сваёй Айчыны ў гады Другой сусветнай вайны, удзельнікаў нацыянальна-вызваленчых паўстанняў і войнаў мінулага.

Паведаміць пра недакладнасьць