Горад. У глыбокай старажытнасці спачатку ўзнікалі сельскія паселішчы - вёскі, дзе жылі земляробы, жывёлаводы. У працэсе паглыблення грамадскага падзелу працы - з аддзяленнем рамёстваў ад земляробства - з'явіліся гарады, якія хутка развіваліся і ператварыліся ў вялікія населеныя пункты, жыхары якіх заняты пераважна ў прамысловасці, гандлі, абслугоўванні, кіраванні, працуюць у навуцы і культуры. Сучасныя гарады ў большасці з'яўляюцца адміністрацыйнымі, індустрыяльнымі, гандлёвымі, навуковымі і культурнымі цэнтрамі; маюць развітую транспартную сістэму, вялікі жыллёвы фонд, высокі ўзровень задавальнення культурных, камунальна-бытавых і іншых сацыяльных патрэб. У гарадах канцэнтруецца ўсё большая частка насельніцтва. Працэс павелічэння ролі гарадоў у грамадстве называецца урбанізацыя.

У Беларусі першыя гарады ўзніклі ў 9-10 ст. (Полацак, Тураў, Віцебск, Заслаўе, Лукомль, Ваўкавыск, Наваградак, Чачэрск і інш.). Да 13 ст. іх налічвалася 35. Ядром горада звычайна быў дзядзінец, які найчасцей размешчаны на ўзвышаным месцы, акружаным (агароджаным - адсюль і назва «горад») абароннымі збудаваннямі. Побач знаходзіўся рынак. Далей ішлі вакольны горад (меў 2-ю лінію ўмацаванняў) і пасады, дзе жылі пераважна рамеснікі і купцы. Развіваліся гарады на аснове радыяльна-кальцавой і радыяльна-веернай сістэмы планіроўкі, з 11-13 ст. будаваліся мураваныя храмы, замкавыя вежы-данжоны. Абарончая сістэма спалучала прыродны ландшафт (высокі бераг ракі, абрыў) і штучныя ўмацаванні: земляныя валы, на якіх у 10-12 ст. узводзіліся вастраколы, будаваліся зрубныя сцены-гародні, умацаваныя драўлянымі вежамі. Вуліцы шырынёй 2-5 м масцілі бярвеннем, абапал вуліцы размяшчаліся двары гараджан, абгароджаныя парканамі. У 12-13 ст. у гарадах развіваліся пераважна кавальства, ювелірнае, кравецкае, касцярэзнае, ганчарнае, бандарнае рамёствы. Сярод гараджан была пашырана пісьменнасць, пра што сведчаць берасцяныя граматы, надпісы на драўляных і касцяных вырабах і сценах храмаў. Вяршыняй матэрыяльнай культуры старажытных гарадоў Беларусі з'яўляліся манументальныя мураваныя пабудовы (саборы ў Полацку, Віцебску, Ваўкавыску, Наваградку, Полацку, Тураве). Фармаваліся некаторыя рысы вытворчай спецыялізацыі гарадоў: у Слуцку пашыралася гарбарнае рамяство, Віцебску - будаўнічае, Менску і Полацку - зброевае, Магілеве - футраапрацоўчае; Горадня, Полацак, Віцебск, Бабруйск, Нясвіж, Любча ператвараліся ў гандлёвыя цэнтры. Пазней у гарадах развіваліся вотчынная прамысловасць, мануфактуры, а потым і машынная вытворчасць.

У 17 ст. у Беларусі было 37 гарадоў і 320 мястэчак. У канцы 18 - пачатку 19 ст. ў Беларусі было 40 гарадоў і больш як 300 мястэчак. З 1786 да 1861 колькасць гарадскога насельніцтва павялічылася з 80 да 320 тыс. чалавек. У 1913 было 36 губернскіх і павятовых гарадоў, у якіх налічвалася 925 тыс. чалавек (13,4% усяго насельніцтва).

У Другую сусветную вайну гітлераўскія акупанты разбурылі 209 гарадоў і раённых цэнтраў. У пасляваенны перыяд разам з іх аднаўленнем і расшырэннем узніклі новыя гарады - Белаазёрск, Жодзіна, Наваполацак, Новалукомль, Салігорск, Светлагорск. Усяго ў Беларусі 102 гарады з насельніцтвам 7089,8 тыс. чал. (1997), у т.л. Менск (1708 тыс. чал). У Гомелі, Магілеве, Віцебску, Горадні, Берасці, Бабруйску налічваецца больш за 200 тыс. жыхароў у кожным, у 15 гарадах - больш як па 50 тыс. жыхароў. Усяго ў гарадах жыве 7073,9 (68,2%) насельніцтва Беларусі.

Паведаміць пра недакладнасьць