Грошы. У глыбокай старажытнасці людзі абыходзіліся без грошай: роды ці абшчыны абменьвалі лішкі сваіх прадуктаў на іншыя прадукты суседніх абшчын (збожжа - на авечку, сякеру - на збан і г.д.). З развіццём вытворчасці колькасць тавараў павялічылася і абмен з выпадковага ператварыўся ў пастаянны. Узнікла патрэба ў тавары-эквіваленце, на які можна было б выменяць любы іншы тавар. Такі тавар (а гэта маглі быць шкуры звяроў, пэўная мера збожжа, упрыгожанні, часам - жывёла і іншае) набываў ролю грошай. Пазней для зручнасці ў якасці ўсеагульнага эквіваленту сталі выкарыстоўваць металы (золата, серабро). У канчатковым выніку за золатам замацавалася роля грошай у сусветным маштабе. Такім чынам, грошы - гэта асобы тавар, які выконвае ролю ўсеагульнага эквіваленту пры абмене тавараў.

На пэўным этапе за куплены тавар разлічваліся залатымі зліткамі, пазней - залатымі манетамі пэўнай вагі. Але пры доўгім карыстанні манеты зношваліся, гублялі ранейшую вагу, а значыць, і вартасць. Узнікла неабходнасць замяніць іх на манеты з медзі ці іншых металаў, а потым - і папяровымі грашыма, якія ў адрозненне ад золата з'яўляюцца толькі знакамі вартасці, але маюць законную плацежную сілу.

Грошы як усеагульны эквівалент выконваюць некалькі функцый. Асноўныя з іх - мера вартасці (каб ацаніць кошт тавару, неабходна параўнаць яго з коштам грошай), сродак абарачэння (за куплены тавар прадавец выручае грошы, за якія купляе новы тавар), сродак накаплення (калі пасля рэалізацыі тавару грошы выключаюцца з абарачэння).

Празмерны выпуск (эмісія) грошай у абарачэнне выклікае інфляцыю. Рост інфляцыі дэстабілізуе эканоміку і вымушае дзяржаву прымаць антыінфляцыйныя меры ў межах грашовага абарачэння. Сярод іх: дэфляцыя - змяншэнне грашовай масы шляхам зняцця з абарачэння лішкавых папяровых грошай; нуліфікацыя - замена старых грашовых знакаў новымі (у меншай колькасці); дэнамінацыя - змена намінальнай вартасці грашовых знакаў разам са зменай у такой жа прапорцыі цэн, тарыфаў, аплаты працы і іншых плацяжоў; дэвальвацыя - афіцыйнае зніжэнне вартасці грашовых адзінак шляхам заканадаўчага змяншэння залатога забеспячэння грашовай адзінкі ці зніжэнне курсу папяровых знакаў у адносінах да золата ці замежнай валюты; рэвальвацыя - афіцыйнае павышэнне залатога забеспячэння грашовай адзінкі ці павышэнне яе курсу ў адносінах да замежнай валюты.

У старажытнасці ў Беларусі вядомы манеты розных дзяржаў. У Вялікім Княстве Літоўскім у 14-15 ст. выпускаўся свой дэнарый, у 15-16 ст. - сярэбраны абол, дэнарый, двайны і трайны дэнарыі, солід, паўгрош, грош, 2 грошы, 3 грошы, шастак, паўталер, талер, дукат, партугал. У 15-17 ст. дзейнічалі манетныя двары Вялікага Княства Літоўскага ў Вільні, Коўне, Уяздаве, Аліве, Мальбарну і іншыя. Медныя соліды Вялікага Княства Літоўскага выпускаў Берасцейскі манетны двор (1665-1666), а на пачатку 18 ст. траякі і шастакі - Гарадзенскі манетны двор. Першымі папяровымі грашыма ва Ўсходняй Беларусі былі расейскія асігнацыі ўзору 1769, у Заходняй - асігнацыі 1794 урада Т.Касцюшкі. З канца 18 ст. пасля далучэння да Расейскай імперыі (1772, 1793, 1795) у Беларусі абарачаліся пераважна расейскія манеты. З 1918 ва Ўсходняй Беларусі ў абарачэнні былі «савдзензнакі», чырвонцы, транспартныя сертыфікаты, з 1924 - папяровыя банкаўскія чырвонцы і казначэйскія рублі, сярэбраныя і медныя (пазней нікелевыя, бронзавыя) рублі і капейкі. У Заходняй Беларусі абарачаліся польскія маркі, злотыя і інш. Старыя грашовыя знакі час ад часу мяняліся на новыя. 25.05.1992 пачаўся выпуск папяровых разліковых білетаў Нацыянальнага банка Беларусі.

Грашовыя адзінкі некаторых краін свету:


Вялікабрытанія - фунт стэрлінгаў


Германія - марка


ЗША - даляр ЗША


Індыя - рупія


Італія - ліра


Канада - даляр канадскі


Кітай - юань


Латвія - лат


Летува - літ


Польшча - злоты


Францыя - франк


Швецыя - крона


Эстонія - крона


Японія - іена


краін СНД:


Азербайджан - манат


Арменія - драм


Грузія - лары


Малдова - лей


Узбекістан - сум


Украіна - грыўна


Кыргызстан - сом


Казахстан - тэнге


Таджыкістан - расейскі рубель


Туркменістан - манат

Паведаміць пра недакладнасьць