Дзейнасць. Гісторыя чалавечага грамадства пачынаецца з вытворчасці матэрыяльных сродкаў для жыцця і прылад працы, а таксама з узнікненнем спосабу ўзаемадзеяння паміж індывідамі і прыродным асяроддзем. Людзі, уступаючы паміж сабой у пэўныя грамадскія адносіны, рэалізуюць іх у спецыфічнай чалавечай форме, што і называецца дзейнасцю. Жыццядзейнасць як спосаб існавання ўсяго жывога забяспечвае адаптацыю (прыстасаванне) арганізма да асяроддзя пражывання. Чалавек не толькі ўзаемадзейнічае з прыродай і сацыяльным асяроддзем, але паступова фармуе і сябе як асобу. Ён можа дзейнічаць самастойна, індывідуальна і ў складзе калектыву, групы, класа і г.д. Але дзейнасць устанаўлівае ўзаемасувязь паміж людзьмі, забяспечвае пераемнасць паміж рознымі іх пакаленнямі шляхам назапашвання і выкарыстання створаных матэрыяльных даброт і духоўных каштоўнасцей. У залежнасці ад тыпу ўзаемадзеяння людзей з навакольным светам, характару аб'екта, на які яно накіравана, і віду патрэб, якія задавальняюцца пры гэтым, адрозніваюць практычную і духоўную дзейнасць. Практычная дзейнасць накіравана на змену прыроднага і сацыяльнага свету, у ходзе якога мяняецца і сам чалавек. Яна, у сваю чаргу, дзеліцца на матэрыяльна-вытворчую, сацыяльна-палітычную і сямейна-бытавую. Вынікам духоўнай дзейнасці з'яўляюцца змены ў свядомасці і самога чалавека. Разнастайнасць канкрэтных тыпаў і відаў дзейнасці адлюстроўвае ўзровень развіцця грамадства, дыферэнцыраванасць патрэб чалавека. Усе віды дзейнасці цесна звязаны паміж сабой, узаемаабумоўліваюць адна адну. Без паняцця дзейнасці немагчыма аналізаваць многія заканамернасці развіцця асобы, калектыву, сацыяльнай групы і грамадства ў цэлым.