Грамадскія адносіны, сістэма сувязей, якая забяспечвае функцыянаванне розных сфер грамадскага жыцця (эканамічнай, сацыяльнай, палітычнай, прававой, культурнай і інш.), а таксама ўсяго грамадства. Удзельнікамі (суб'ектамі) грамадскіх адносін выступаюць: само грамадства, яго інстытуты (дзяржава, сям'я, грамадскія арганізацыі, палітычныя партыі і інш.), сацыяльныя (класы, слаі) і дэмаграфічныя групы, нацыянальныя і этнічныя супольнасці (нацыя, народнасць, нацыянальная меншасць, этнас), аб'яднанні людзей па рэлігійных і іншых прыкметах, а таксама індывідуумы. Асновай узнікнення, існавання і спынення грамадскіх адносін у канкрэтных выпадках з'яўляюцца агульныя (грамадскія) і спецыфічныя (прыватныя) патрэбы, інтарэсы і воля ўдзельнікаў. Падзяляюцца на віды па розных крытэрыях: у залежнасці ад сферы грамадства (гаспадарчыя, палітычныя, сямейныя і інш.), па суб'ектах (дзяржаўна-палітычныя, класавыя, нацыянальныя і інш.), па спосабе рэгулявання грамадскага жыцця (прававыя, маральныя), па метадзе ўздзеяння на паводзіны людзей (уладарныя і заснаваныя на перакананні), па характары (стыхійныя і мэтанакіраваныя). Могуць набываць розныя формы выяўлення, адрознівацца працягласцю, ахопам грамадскіх з'яў і іншымі прыкметамі. Характэрныя рысы грамадскіх адносін - іх супярэчлівасць, якая можа праяўляцца і ўнутры кожнага канкрэтнага віду грамадскіх адносін, і паміж рознымі відамі. Характар супярэчнасцей (наяўнасць або адсутнасць антаганізму) абумоўлівае спосаб іх вырашэння і, адпаведна, шлях далейшых змен і развіцця сістэмы грамадскіх адносін ці яе асобных элементаў (эвалюцыйны ці рэвалюцыйны). Прыхільнікі матэрыялізму падзяляюць усе грамадскія адносіны на матэрыяльныя (іх лічаць вызначальнымі, першаснымі) і ідэалагічныя (іх лічаць вытворнымі, другаснымі). Такі падзел узыходзіць да вучэння К.Маркса і Ф.Энгельса пра базіс і надбудову, у адпаведнасці з якім матэрыяльныя і ідэалагічныя грамадскія адносіны выступаюць таксама як базісныя (вытворчыя адносіны) і надбудовачныя (палітычныя, прававыя, маральныя і інш.); кожнаму гістарычнаму тыпу грамадства ўласціва спецыфічная сістэма базісных і надбудовачных грамадскіх адносін. Ідэалістычныя падыходы звязаны з праяўленнем духоўнага пачатку ў развіцці чалавечага грамадства і, па сутнасці, здымаюць пытанне пра прыярытэтнае значэнне якога-небудзь канкрэтнага віду грамадскіх адносін (Гл. таксама Дзяржава, Вытворчасць, Нацыя, Рэлігія, Сацыяльныя структуры).

Паведаміць пра недакладнасьць