Маркс Карл (Marx; 1818-1883), мысліцель і грамадскі дзеяч, заснавальнік марксізму. Нарадзіўся ў г. Трыр (Германія) у сям'і адваката. У 1835-1841 вучыўся на юрыдычных факультэтах ва ўніверсітэтах у Боне і Берліне. У юнацтве быў рэвалюцыйным дэмакратам. Яго філасофскія погляды складваліся пад уплывам філасофіі Г.Гегеля, яе левага кірунку - младагегельянства. У 1842 стаў рэдактарам дэмакратычнай «Рэйнскай газеты», а пасля яе закрыцця ў 1843 пераехаў у Парыж, дзе пазнаёміўся з прадстаўнікамі сацыялістычнага і дэмакратычнага руху. У 1845-1848 жыў у Бруселі, удзельнічаў у рабоце міжнароднай арганізацыі «Саюз камуністаў» і разам з Ф.Энгельсам напісаў яго праграму - «Маніфест Камуністычнай партыі» (1849). У час рэвалюцыі 1848-1849 у Германіі быў галоўным рэдактарам «Новай Рэйнскай газеты». У 1849 высланы з Германіі і канчаткова пасяліўся ў Лондане. Маркс быў арганізатарам і лідэрам 1-га Інтэрнацыянала (1864-1876). У 1867 апублікаваны 1-ы том «Капітала» - асноўны твор Маркса, у якім дадзены аналіз развіцця капіталізму і абгрунтавана непазбежнасць яго рэвалюцыйнай змены камуністычнай фармацыяй. Працу над 2-м і 3-м тамамі «Капітала» Маркс не завяршыў, іх падрыхтаваў да выдання Энгельс. У працы «Грамадзянская вайна ў Францыі» (1871) Маркс зрабіў вывад аб тым, што не парламентарная рэспубліка, а палітычная арганізацыя тыпу Парыжскай камуны з'яўляецца найбольш мэтазгоднай формай дыктатуры пралетарыяту. У «Крытыцы Гоцкай праграмы» (1875) ён сфармуляваў тэзіс аб 2 фазах (стадыях) камунізму. Пасля роспуску 1-га Інтэрнацыянала ён лічыў асноўнай палітычнай задачай стварэнне пралетарскіх партый у асобных краінах. Маркс з'яўляецца заснавальнікам дыялектычнага і гістарычнага матэрыялізму, пралетарскай палітычнай эканомікі, тэорыі класавай барацьбы і сацыяльнай рэвалюцыі. Асноўныя палажэнні гэтых і іншых тэарэтычных канцэпцый марксізму выкладзены таксама ў працах «Святая сям'я» і «Нямецкая ідэалогія» (абедзве разам з Энгельсам), «Убоства філасофіі», «Васемнаццатага брумера Луі Банапарта», «Эканамічна-філасофскія рукапісы 1844 года», «Тэзісы аб Феербаху» і інш.

Паведаміць пра недакладнасьць