Дзяцінства. Паводле прынятай перыядызацыі, дзяцінства ахоплівае маленства (ад нараджэння да 1 года), ранняе дзяцінства (да 3 гадоў), дашкольны ўзрост (ад 3 да 7 гадоў), школьны ўзрост (ад 6 да 11 гадоў); а ўсё разам - ад нараджэння да падлеткавага ўзросту - дзяцінства. У дэмаграфіі дзеці разглядаюцца як вынік узнаўлення насельніцтва і аснова для ацэнкі перспектыў яго далейшага развіцця, у сацыяльна-эканамічных даследаваннях - як залежная частка насельніцтва ва ўзросце ніжэй за працаздольны (16 гадоў). Дзяцінства як сацыякультурны феномен носіць канкрэтна-гістарычны характар і мае сваю гісторыю развіцця. Галоўная сацыяльная функцыя дзяцінства заключаецца ў падрыхтоўцы чалавека да дарослай самастойнай працы. На характар і змест яго асобных перыядаў уплываюць канкрэтныя сацыяльна-эканамічныя і этнакультурныя асаблівасці грамадства, у якім расце дзіця. Пры паслядоўнай змене аднаго віду дзейнасці другім адбываецца засваенне дзецьмі чалавечых здольнасцей і схільнасцей, нормаў грамадскіх паводзін. Важную ролю ў падрыхтоўцы дзяцей да жыцця, засваенні імі неабходных ведаў, уменняў і навыкаў адыгрываюць сям'я, школа і сістэма грамадскага выхавання падрастаючага пакалення.

Паведаміць пра недакладнасьць