Дызайн (англ. design - задума, праект, чарцёж), мастацка-праектная творчасць, якая фармуе тэхнічна-эстэтычныя якасці прадметна-прасторавага асяроддзя чалавека. Сучасны дызайн узнік у канцы 19 - пачатку 20 ст. пад уплывам бурнага развіцця тэхнікі і масавай вытворчасці. Ён азнаменаваў новыя адносіны да прадметнага свету, выявіў неабходнасць арганічнай сувязі паміж прыродай і чалавекам. Фармаванню такой сувязі спрыялі спецыяльныя метады праектавання, у першую чаргу дызайн, які дапамагае ператвараць любыя тэхнічныя канструкцыі і прадметы ў носьбітаў гармоніі і прыгажосці. Інжынер распрацоўвае тэхнічную логіку канструкцыі, а дызайнер - яе эстэтычныя якасці. Сёння маштабы дызайну велізарныя: ад адзінкавага вырабу да гарманічнага прадметна-прасторавага асяроддзя. Адпаведна паявіліся і новыя віды дызайну - дызайн прамысловых вырабаў, дызайн асяроддзя, графічны дызайн, дызайн сацыяльна-культурнай сферы і г.д.