Прыгажосць. Сакрэт прыгажосці з даўніх часоў імкнуліся разгадаць мастакі, паэты, пісьменнікі і вучоныя. У грэкаў багіняй прыгажосці і любові лічылася Афрадыта. Яе спадарожнікамі былі драпежныя звяры. Мужам Афрадыты лічыўся Гефест. І міф пра божы саюз кульгавага каваля-мастака з незямной прыгажосцю Афрадыты стаў як бы завяшчаннем нашчадкам пра неабходнасць спалучаць прыгажосць з мастацтвам і рамяством. Афрадыта ўмела адцягваць увагу ад дрэнных спраў і крывавага бога вайны Арэя. Магчыма, старажытныя грэкі ў іншасказальнай форме звязвалі ўяўленне пра ўплыў прыгажосці на ўпарадкаванне і ўдасканальванне чалавечых адносін, на яе здольнасць папярэджваць канфлікты, што вядуць да знішчэння людзьмі адзін аднаго. Поруч з тэрмінам «прыгажосць» у якасці сіноніма часам ужываецца паняцце «прыгожае». Але прыгожае - катэгорыя эстэтыкі, а прыгажосць характарызуе толькі адзін з бакоў прыгожага. У адрозненне ад прыгожага як эстэтычнага ідэалу ўспрыманне прыгажосці ў паўсядзённым жыцці найчасцей не вылучаецца з цэласнага ўспрымання навакольнага свету, а служыць эмацыянальна-эстэтычным працягам агульнай карціны, што ствараюць чалавеку яго органы пачуццяў. Будзе памылкаю думаць, што прыгажосць з'яўляецца натуральным сродкам прыроды. Прыгажосць - гэта вынік аб'ектыўных з'яў з іх прыроднымі якасцямі, што трапілі ў сферу чалавечых інтарэсаў і ацэнены з пункту погляду магчымасці ўключэння іх у грамадскую дзейнасць, зыходзячы з яе патрабаванняў. У пацвярджэнне можна прывесці верш І.Сельвінскага: «Бачыш мармур? Гэта проста кальцый. // Хімія, пародзісты крышталь. // Але дакрануліся гэтай глыбы пальцы, - // І Венерай выйшла прыгажосць». Сістэма чалавечых патрэб вельмі рухомая і гістарычна зменлівая, разам з ёй вар'іруюцца і ўяўленні пра прыгажосць. Адзначаючы іх адноснасць, Геракліт пісаў: «З малпаў найпрыгажэйшая брыдкая, калі параўнаць яе з чалавечым родам...» Эўрапейская традыцыя лічыць адным з увасабленнем жаночай прыгажосці статую Венеры Мілоскай (італьянская багіня, якую атаясамліваюць з Афрадытай).