Эстэтыка (ад грэч. aisthetikos - пачуццёвы). Як навука эстэтыка існуе шмат вякоў. З яе развіццём мяняліся і эстэтычныя погляды. Але тэрмін «эстэтыка» ў якасці вызначэння пэўнай галіны ведаў увёў у навуковы ўжытак у сярэдзіне 18 ст. А.Г.Баўмгартэн. У Старажытнай Грэцыі эстэтыка напачатку была часткай філасофіі, потым акрэслілася да асэнсавання праблем паэтыкі, прыроды прыгажосці і мастацтва (Арыстоцель). Платон да гэтых праблем далучыў ролю мастацтва ў выхаванні чалавека і дзяржаўнага кантролю над мастацтвам. Эстэтыка Сакрата была адным з рэзерваў багаслоўя (Фама Аквінскі). У эпоху Адраджэння прадметам эстэтыкі сталі суадносіны прыроды і мастацтва (Леанарда да Вінчы). Пазней яна сама імкнулася фармаваць нормы мастацтва і пачуццёвага пазнання свету праз мастацтва. Марксісцкая эстэтыка мела на ўвазе тэарэтычнае асэнсаванне свету па законах прыгажосці ва ўсіх сферах практычнай дзейнасці чалавека. У розныя часы эстэтыка ставіла сваёй задачай тэарэтычнае абгрунтаванне пэўных кірункаў у мастацтве: рамантызм, рэалізм і г.д. Эстэтыка - навука пра заканамернасці і прыроду асваення рэчаіснасці па законах прыгажосці ў працэсе дзейнасці чалавека, найперш у мастацтве. Мастацтва як асноўны генератар эстэтычных каштоўнасцей моцна ўплывае на развіццё эстэтыкі. У сваю чаргу эстэтыка мае значэнне агульнай тэарэтычнай асновы ў адносінах да ўсіх асобных мастацтвазнаўчых навук (літаратуразнаўства, тэорыя выяўленчых мастацтваў, музыказнаўства, тэатразнаўства і г.д.). Важным раздзелам эстэтыкі з'яўляецца распрацоўка шматлікіх эстэтычных катэгорый, напрыклад прыгожага і ўзнёслага, агіднага і нізкага, трагічнага і камічнага. Эстэтыка ўваходзіць у паўсядзённую працу, побыт, свядомасць сучаснага чалавека і фармуе ў ім творчы, стваральны пачатак.