Дыпламатыя. Гэта слова паходзіць ад грэчаскага diploma - так у Старажытнай Грэцыі называлася дошчачка з пісьмёнамі, якая выдавалася пасланцам у якасці дакумента, што пацвярджаў іх паўнамоцтвы. Дыпламатыя - гэта адмысловае палітычнае майстэрства ў ажыццяўленні адносін з іншымі дзяржавамі і ўрэгуляванні рознагалоссяў шляхам перагавораў. Гістарычна яна разглядалася як вяршыня дзяржаўнай мудрасці, якая заключалася ва ўменні не дапусціць сутыкнення нацыянальных (дзяржаўных) інтарэсаў. У сучаснай дыпламатыі важна таксама не дапусціць узвышэння нацыянальна-дзяржаўных інтарэсаў над агульначалавечымі, умець на іх аснове знаходзіць кампраміс, баланс інтарэсаў (гл. Міжнародныя адносіны).

Асноўныя формы дыпламатычнай дзейнасці: двух- ці шматбаковыя сустрэчы (канферэнцыі); дыпламатычная перапіска ў форме заяў, пісьмаў, нотаў, мемарандумаў і інш.; паўсядзённае прадстаўніцтва дзяржавы за мяжой, якое ажыццяўляюць яе пасольствы і місіі; удзел прадстаўнікоў дзяржаў у дзейнасці міжнародных арганізацый; асвятленне ў сродках масавай інфармацыі пазіцыі ўрада па тым ці іншым пытанні. Пасля ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж дзвюма краінамі паводле ўзаемнай дамоўленасці ствараюцца дыпламатычныя прадстаўніцтвы на чале з паслом або місіі на чале з пасланнікам ці павераным у справах. Асоба пасла ці пасланніка засведчваецца даверчай граматай. Для ажыццяўлення знешнеэканамічных зносін на тэрыторыі іншых краін (пры іх згодзе) могуць стварацца консульствы, кіраўнікі якіх падзяляюцца на 4 класы: генеральны консул, консул, віцэ-консул і консульскі агент. Дыпламатычныя рангі: пасол, пасланнік, саветнік, сакратары (1-ы, 2-і, 3-і), аташэ. Сукупнасць дыпламатаў, якія знаходзяцца ў пэўнай краіне, называецца дыпламатычным корпусам. Яго ўзначальвае дуаен - пасол з самым вялікім тэрмінам службы на гэтай пасадзе ў дадзенай краіне. Ён вырашае толькі пратакольныя (цырыманіяльныя) пытанні і інструктуе новых сябраў дыпламатычнага корпуса аб мясцовых традыцыях і звычаях. Дыпламатычны персанал пасольства карыстаецца дыпламатычным імунітэтам. Але дыпламат павінен паважаць законы краіны, у якой ён знаходзіцца, каб не быць абвешчаным персонай нон грата (непажаданая асоба) і высланым.

У пераносным сэнсе дыпламатыя - здольнасць дамагацца сваіх мэт шляхам кампрамісаў, а дыпламатам часам называюць чалавека, які здольны тонка і ўмела наладжваць добрыя адносіны з іншымі людзьмі.

Паведаміць пра недакладнасьць