Міжнародныя адносіны, сукупнасць палітычных, гістарычных, дыпламатычных, ваенных, культурных і іншых сувязей паміж дзяржавамі, народамі і іх прадстаўнікамі, міжнароднымі органамі і арганізацыямі. Міжнародныя адносіны ўзніклі ў глыбокай старажытнасці. Напачатку яны мелі эпізадычны характар. Але спрадвечныя правілы зносін паміж плямёнамі ці іх саюзамі прадугледжвалі недатыкальнасць асоб, якія вялі перагаворы, свабоднае выкананне імі іх рэлігійных абрадаў, прысягу ў якасці гарантыі выканання дамоўленасці. Істотны ўплыў на міжнародныя адносіны аказалі сусветныя рэлігіі. Ідэя роўнасці, якую прапаведавала хрысціянства, падрывала старыя ўяўленні пра выключнасць асобных народаў. Пасля крушэння Рымскай імперыі цэнтр міжнародных адносін перамясціўся ў Заходнюю Эўропу. У эпоху станаўлення феадальных адносін і дзяржаў сталі развівацца дагаворныя і дыпламатычныя правы, правы ўласнасці феадалаў і інш. У міжнародных адносінах гэтага перыяду вялікую ролю адыгрывалі дынастычныя шлюбы. У 16-17 ст. у Заходняй Эўропе пачалі ўсталёўвацца новыя прынцыпы міжнародных адносін. Адкрыццё новых зямель, бурнае развіццё мараплавання і міжнароднага гандлю востра паставілі пытанне пра панаванне на моры. Нідэрланды і Францыя ў барацьбе з Гішпаніяй і Англіяй рашуча сталі на абарону прынцыпу свабоды адкрытага мора, які атрымаў паўсюднае прызнанне. Важкі ўклад у развіццё міжнародных адносін унеслі буржуазныя рэвалюцыі 16-18 ст. - нідэрландская, ангельская, французская. У час Вялікай французскай рэвалюцыі 1789-1799 абвешчаны новыя прынцыпы і створаны адпаведныя інстытуты ў галіне міжнародных адносін, якія прызнавалі роўныя правы ўсіх народаў, спынялі бясконцыя спрэчкі пра іерархію і няроўнасць паміж кіраўнікамі дзяржаў і пасламі. У дакументах гэтай рэвалюцыі (канстытуцыі 1791 і 1793 Дэкларацыя правоў народаў 1795) заяўлялася, што ніводзін народ не мае права ўмешвацца ў справы іншых, што кожны народ - гаспадар сваёй тэрыторыі і дзяржавы. Пасля 1-й сусветнай вайны была створана Ліга нацый, у статуце якой упершыню ў гісторыі міжнародных адносін было юрыдычна замацавана раззбраенне і адмова ад вайны. Аднак дасягнуць гэтага не ўдалося.
Пасля 2-й сусветнай вайны важны ўклад у развіццё міжнародных адносін уносіць Арганізацыя Аб'яднаных Нацый, статут якой прадугледжвае недапушчальнасць канфрантацый паміж дзяржавамі, лідэры якіх стаяць на розных ідэалагічных пазіцыях, сістэму міжнародных гарантый бяспекі ад любых відаў агрэсіі, узаемныя дагаворныя абавязацельствы з улікам інтарэсаў усіх краін народаў. Вельмі актуальная выказаная ў Статуце ААН ідэя стварэння сістэмы калектыўнай бяспекі, прынцыпы і мэты міжнароднага супольніцтва дзяржаў, што адпавядае агульначалавечым інтарэсам. У наш час асаблівае значэнне маюць добрасуседскія адносіны паміж Расеяй і ЗША. Супрацоўніцтва гэтых вялікіх дзяржаў у справе падтрымання міжнароднага міру і бяспекі неацэннае ў выпадку ўзнікнення якога-небудзь узброенага канфлікту.
Беларусь, усведамляючы сябе паўнапраўным суб'ектам сусветнага супольніцтва, у сваёй знешняй палітыцы і міжнародных адносінах ідзе ад прынцыпаў роўнасці дзяржаў, непрымянення сілы або пагрозы сілай, непарушнасці меж, мірнага ўрэгулявання спрэчак, неўмяшання ва ўнутраныя справы і іншых агульнапрызнаных прынцыпаў і нормаў міжнароднага права.