Раззбраенне, сістэма мер, накіраваная на ліквідацыю або рэальнае скарачэнне розных відаў узбраення, абмежаванне і прадухіленне гонкі сродкаў знішчэння чалавека. Сярод іх нераспаўсюджванне ядзернай зброі, спыненне яе выпрабаванняў, забарона размяшчэння ў пэўных асяроддзях і раёнах і г.д. Раззбраенне - адна з найважнейшых праблем сучаснасці, ад вырашэння якой залежыць лёс міжнароднага міру і бяспекі, спакойная будучыня і дабрабыт людзей. Ужо ў глыбокай старажытнасці прадпрымаліся спробы забараніць або абмежаваць выкарыстанне варварскай і жорсткай зброі, напрыклад, выкарыстанне ядаў. «Вайна вядзецца зброяй, а не ядам», - казалі рымскія юрысты. Верагодна, першым міжнародным пагадненнем, якое забараняла выкарыстанне атручаных куль, быў страсбургскі дагавор 1675, падпісаны паміж Францыяй і Германіяй. Пагадненнямі мірных канферэнцый у г. Гаага ў 1899 і 1907 забаронена выкарыстанне ўдушлівых газаў, ядаў, атручанай зброі, разрыўных куль, Жэнеўскім пратаколам 1925 - хімічнай і бактэрыялагічнай зброі. Міжнародны дагавор 1963 аб забароне выпрабаванняў ядзернай зброі ў атмасферы, у касмічнай прасторы і пад вадой хоць не прадухіліў нарошчвання ядзерных арсеналаў, але значна аздаравіў навакольнае асяроддзе. Дагавор 1968 абмежаваў лік дзяржаў, якія могуць ствараць ядзерную зброю. Аднак не ўсе пагадненні выконваюцца, гонка ўзбраенняў працягваецца. Беларусь таксама з'яўляецца ўдзельнікам міжнародных пагадненняў па гэтай праблеме і ўносіць ініцыятывы па раззбраенні. Паводле Канстытуцыі Беларусі ставіць мэтай зрабіць сваю тэрыторыю бяз'ядзернай зонай.