Ідэалізацыя (франц. idéalisation ад грэч. idea - ідэя, паняцце), мысленнае канструяванне абсалютызаваных аб'ектаў, якія не існуюць і не могуць існаваць у рэчаіснасці, але для якіх ёсць правобразы ў рэальным свеце. І хоць у свеце няма нічога поўнасцю дасканалага, імкненне да яго надае высакароднасць жыццю і людзям. Людзі ствараюць вобразы дасканалых асоб, рэчаў, грамадскіх адносін, якія служаць ім узорам і арыенцірам у жыцці і дзейнасці, прыродных з'яў у «чыстым выглядзе». У выніку ідэалізацыі ўтвараюцца паняцці, якія называюцца ідэалізаванымі аб'ектамі. Такімі аб'ектамі з'яўляюцца, напрыклад, «абсалютна чорнае цела» ці «ідэальны газ», «абсалютная сацыяльная свабода», «камунізм», «рай» і «пекла», мастацкія вобразы тыпу «Дон-Кіхот», «Несцерка», «Паўлінка» і інш. У навуцы выкарыстоўваюцца ў якасці сродку пазнання. Абсалютызаваныя характарыстыкі сацыяльнай рэальнасці выступаюць крытэрыямі жаданага ці нежаданага сацыяльнага быцця (напр., «абсалютна справядлівае» ці «абсалютна несправядлівае грамадства»). Выкарыстанне такіх ідэалізаваных у станоўчы ці адмоўны бок аб'ектаў пры аналізе рэальных працэсаў дазваляе ацэньваць адхіленне сацыяльнай рэальнасці ад нормы. Нярэдка ідэалізаваныя аб'екты (людзі, рэчы, сацыяльнае жыццё) усведамляюцца як такія, што існуюць або могуць існаваць у рэальным быцці. Па гэтай прычыне ідэалізаваныя аб'екты з'яўляюцца моцным рэгулятарам грамадскага жыцця. Людзі як сацыяльныя істоты звычайна адчуваюць патрэбу ў практычнай ідэалізацыі, у тым ліку і ў высокіх ідэалах. Цяжка знайсці чалавека, які б каго-небудзь або што-небудзь не ідэалізаваў у дадатны або адмоўны бок. Узвышаныя ідэалы стымулююць імкненне чалавека да самаўдасканалення, нізкія, наадварот, схіляюць да ганебных учынкаў.

Паведаміць пра недакладнасьць