Індывід (ад лац. individuum - непадзельнае; асоба). Такім тэрмінам карыстаюцца пры вызначэнні асаблівасцей чалавека, узятых паасобку, у адноснай адасобленасці ад калектыву ці грамадства. Індывід - гэта асобны, вылучаны з сацыяльнай супольнасці чалавек, які характарызуецца спецыфічнымі, толькі яму ўласцівымі асаблівасцямі псіхічных працэсаў, інтарэсаў, патрэб, здольнасцей, рыс асобы, паўсядзённых паводзін. Індывід і грамадства знаходзяцца ў дыялектычных узаемаадносінах. Іх нельга проціпастаўляць, бо індывід ёсць грамадская істота, і любое праяўленне яго жыцця (нават калі ён і не выступае ў непасрэднай форме калектыўнага яго праяўлення) з'яўляецца праяўленнем грамадскага жыцця. Неправамерна і атаясамліваць гэтыя паняцці, бо кожны індывід, хоць і валодае агульнародавымі прыкметамі, можа выступаць і як самабытная індывідуальнасць. У вывучэнні паўсядзённых учынкаў асобных індывідаў і іх сацыяльных супольнасцей важную ролю адыгрывае прынцып тыпізацыі, г.зн. вылучэнне тыповых асаблівасцей пэўнай сацыяльнай групы на аснове агульных для іх сацыяльна-палітычных, сацыяльна-псіхалагічных, духоўна-маральных і інш. істотных характарыстык. Выкарыстанне такога прынцыпу дазваляе выразна выявіць, якія грамадскія адносіны ўвасабляюцца ў сацыяльным і духоўным абліччы, паўсядзённых учынках дадзенай групы індывідаў. Толькі разгляд своеасаблівых уласцівасцей і якасцей індывіда ў сацыяльным кантэксце іх фармавання, развіцця і праяўлення дазваляе выявіць яго сапраўдную ролю і месца ў жыцці калектыву і грамадства.

Паведаміць пра недакладнасьць